Пошук

Каралеўская пара Вялікабрытаніі Каралеўская пара Вялікабрытаніі  (AFP or licensors)

Кароль і каралева Вялікабрытаніі здзейсняць візіт у Ватыкан

23 кастрычніка 2025 года кароль Вялікабрытаніі Карл III і каралева Каміла здзейсняць дзяржаўны візіт у Ватыкан, дзе сустрэнуцца з Львом XIV. Асноўнымі тэмамі сустрэчы стануць хрысціянскае адзінства і клопат пра навакольнае асяроддзе.

Vatican News

У рамках афіцыйнай праграмы візіту апоўдні Святы Айцец узначаліць у Сікстынскай капэле экуменічную малітву аб абароне стварэння, пасля якой адбудзецца сустрэча з прадстаўнікамі арганізацый, якія займаюцца экалагічнымі ініцыятывамі. У другой палове дня, у 14:45, каралеўская пара наведае Базіліку святога Паўла па-за мурамі, дзе адбудзецца афіцыйная цырымонія надання Карлу III ганаровага звання каралеўскага субрата святога Паўла. Брытанскіх манархаў звязваюць даўнія гістарычныя сувязі з бэнэдыктынскім абацтвам пры гэтым храме.

Ганаровы тытул Карла III
Ганаровы тытул Карла III

Тэмы: адзінства і клопат пра планету

На брыфінгу для прэсы, які прайшоў у Зале Друку Апостальскай Сталіцы 17 кастрычніка, арцыбіскуп Флавіа Пачэ, сакратар Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству, паведаміў пра экуменічны аспект візіту, а сястра Алесандра Смерылі, сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, распавяла пра экалагічнае вымярэнне.

Візіт, першапачаткова запланаваны на красавік 2025 года, супадае з дзясятай гадавінай энцыклікі “Laudato Sì”. Карл III, як глава Англіканскай Царквы, даўно вядомы сваім імкненнем да міжканфесійнага дыялогу. Ён асабіста выказаў жаданне прыняць удзел у літургіі, прысвечанай клопату пра стварэнне. Малітву ў Сікстынскай капэле сумесна ўзначаляць Папа Леў XIV і архіепіскап Ёркскі Стывен Котрэл.

Брыфінг для прэсы адносна візіту каралеўскай пары ў Ватыкан
Брыфінг для прэсы адносна візіту каралеўскай пары ў Ватыкан

Гімн, які яднае канфесіі

Экуменічны характар візіту будзе адлюстраваны ў літургіі, падчас якой прагучыць гімн святога Амброзія Міланскага ў перакладзе на англійскую мову святога Джона Генры Ньюмана. Ньюман, ключавая постаць у гісторыі адносін паміж каталіцтвам і англіканствам, большую частку жыцця быў англіканінам, затым перайшоў у каталіцызм і быў кананізаваны ў 2019 годзе. Карл III асабіста прысутнічаў на кананізацыі. 1 лістапада 2025 года Леў XIV абвесціць cвятога Джона Генры Ньюмана доктарам Касцёла. Ва ўрачыстай цырымоніі плануецца ўдзел высокапастаўленай англіканскай дэлегацыі.

Музычнае суправаджэнне малітвы аб стварэнні забяспечаць Хор Сікстынскай капэлы, харысты Каралеўскай капэлы Сент-Джэймскага палаца і капэлы святога Георгія Віндзарскага замка.

Ганаровае званне Карла III

Падчас візіту ў Базіліку святога Паўла па-за мурамі каралю Карлу III з благаслаўлення Пантыфіка будзе наданы ганаровы тытул каралеўскага субрата святога Паўла (Royal Confrater of Saint Paul). Урачыстасць узначаляць архіпрэзбітэр базілікі, кардынал Джэймс Майкл Харві і абат Даната Ол’яры.

Для цырымоніі падрыхтавалі спецыяльнае крэсла з гербам караля і лацінскім дэвізам Ut unum sint (“Каб усе былі адно”, Ян 17:21). Яно застанецца ў апсідзе базілікі і будзе выкарыстоўвацца падчас наступных візітаў брытанскіх манархаў.

Крэсла для Карла III з дэвізам Ut unum sint
Крэсла для Карла III з дэвізам Ut unum sint

Супольны клопат пра стварэнне

Пасля малітвы ў Сікстынскай капэле адбудзецца прыватная сустрэча Папы і Карла III з рэлігійнымі лідарамі, эколагамі, прадстаўнікамі бізнесу і экспертамі ААН. На ёй таксама будуць прысутнічаць прадстаўнікі руху "Laudato Si’".

"Гэтая сустрэча падкрэслівае цесную сувязь паміж Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай Царквой у пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Папа Францішак неаднаразова нагадваў, што ўсё ўзаемазвязана і што экалагічны і сацыяльны крызісы павінны вырашацца разам. Леў XIV працягвае прытрымлівацца гэтага падыходу”, - сказала сястра Смерылі.

Яна ўзгадала нядаўнія ініцыятывы ў гэтым кірунку: 9 ліпеня 2025 года адбылася новая Імша аб абароне стварэння, а 5 верасня 2025 года - урачыстая інаўгурацыя Мястэчка "Laudato si'" у Кастэль-Гандольфа. Сястра Смерылі таксама высока ацаніла намаганні Карла III па прыцягненню прыватнага сектара да барацьбы са зменай клімату і стратай біяразнастайнасці.

Значэнне візіту

Як адзначыў арцыбіскуп Паче, візіт стане гістарычным крокам на шляху да прымірэння Касцёла і Англіканскай Царквы і ўсяляе надзею на будучыню. Сястра Смерылі дадала, што сустрэча стане магутным сімвалам адзінства і супольнай адказнасці за наш агульны дом.

18 кастрычніка 2025, 10:19