Пошук

Пантыфік заклікаў народныя рухі быць носьбітамі салідарнасці і надзеі

Пакуль не будуць пераадолены структурныя праблемы няроўнасці, іншыя праблемы таксама застануцца нявырашанымі, - папярэдзіў Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі V Сусветнай сустрэчы народных рухаў, якая 23 кастрычніка 2025 года адбылася ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваёй прамове да прадстаўнікоў народных рухаў Леў XIV нагадаў, што яго імя сімвалічна спасылаецца на энцыкліку “Rerum Novarum”, якую Леў XIII напісаў у часы прамысловай рэвалюцыі. Сёння, гаворачы пра “новыя рэчы”, мы прытрымліваемся "погляду з цэнтра" і думаем пра штучны інтэлект або робататэхніку, - заўважыў Папа, прапаноўваючы зірнуць на "новыя рэчы" з перыферыі.

"Новыя рэчы" з пункту гледжання перыферыі

Святы Айцец падкрэсліў, што правы на жыллё, працу і зямлю, уключаючы ежу, – гэта святыя правы чалавека. У цэнтры гэтыя патрабаванні могуць здавацца ўжо выкананымі: людзі там фінансава забяспечаныя, жывуць у камфартабельных дамах, але на перыферыі ўсё выглядае інакш.

Тыя, хто змагаецца за гэтыя правы, не проста пратэстуюць, а шукаюць рашэнні, - сказаў Пантыфік, назваўшы такіх людзей “сацыяльнымі паэтамі”, якія сваёй дзейнасцю сведчаць пра салідарнасць і чалавечую годнасць. “Касцёл павінен быць з вамі”, - сказаў ён актывістам народных рухаў.

Папа адзначыў, што супольнасці і кааператывы, якія кормяць галодных, даюць прытулак бяздомным, ратуюць пацярпелых ад караблекрушэнняў, ствараюць працоўныя месцы і будуюць жыллё, служаць не ідэалогіі, а Евангеллю, таму што імі рушыць любоў. Ён падкрэсліў, што да таго часу, пакуль не будуць вырашаны праблемы бедных і выкаранены структурныя прычыны няроўнасці, не будуць вырашаны і іншыя праблемы свету. “Няроўнасць – корань сацыяльных бед", - сказаў Леў XIV.

Старыя несправядлівасці ў новым свеце

Сёння свет становіцца ўсё больш глабалізаваным. Нягледзячы на тэхнічны прагрэс, мільёны людзей па-ранейшаму застаюцца на абочыне жыцця. Новай праявай сацыяльнай несправядлівасці сёння стала ўжо не эксплуатацыя, а сацыяльнае адчужэнне, якое Папа Францішак асудзіў як "культуру адкідаў".

Мы сутыкаемся з парадоксам: мільёны людзей, у тым ліку бедных, маюць мабільныя тэлефоны, сацыяльныя сеткі і нават штучны інтэлект, аднак іх асноўныя патрэбы – ежа, зямля, жыллё і годная праца – застаюцца нездаволенымі, - падкрэсліў Папа, заклікаючы памятаць пра фундаментальныя патрэбы людзей.

Уплыў "новых рэчаў" на абяздоленых

На думку Папы, да яркіх прыкладаў дрэннага кіравання тэхналагічным прагрэсам адносяцца кліматычны крызіс, прапаганда нястрымнага спажывецтва, стварэння кампульсіўнай залежнасці ад азартных гульняў, злоўжыванне фармацэўтычнымі прэпаратамі і наркотыкамі, а таксама эксплуатацыя карысных выкапняў у бедных краінах.

Асобна Святы Айцец спыніўся на тэме бяспекі, падкрэсліўшы, што дзяржавы маюць права ахоўваць свае межы, але павінны захоўваць маральны абавязак прымаць бежанцаў. Жорсткае абыходжанне з мігрантамі – гэта не праява суверэнітэту, а злачынства. Хрысціянства ж звяртаецца да Бога, які ёсць любоў, і заклікае ўсіх людзей жыць як браты і сёстры.

Справядлівая барацьба народных рухаў

Папа заклікаў падтрымліваць народныя рухі, якія змагаюцца за зямлю, жыллё і працу. Сёння, калі прафсаюзы, дзяржаўныя інстытуты і міжнародныя арганізацыі слабеюць, мы сутыкаемся з этычнай пустэчай, у якую лёгка пранікае зло. Таму народныя рухі, людзі добрай волі, хрысціяне, вернікі закліканы ў тэрміновым парадку запоўніць гэты прабел і стаць галоўнымі носьбітамі салідарнасці і справядлівасці.

Касцёл падтрымлівае справядлівую барацьбу народных рухаў і жадае суправаджаць іх на гэтым шляху, - запэўніў Святы Айцец, заклікаючы гасцей працягваць рухацца наперад з радасцю і надзеяй, даручаючы іх мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і ад усяго сэрца благаслаўляючы іх.

23 кастрычніка 2025, 19:17