Пошук

Леў XIV падчас Імшы ў рамках Юбілею Сінадальных Груп і Органаў Саўдзелу Леў XIV падчас Імшы ў рамках Юбілею Сінадальных Груп і Органаў Саўдзелу 

Леў XIV: Касцёл – гэта не ўлада, а любоў і служэнне

Леў XIV заклікаў будаваць Касцёл пакорны, сінадальны і адкрыты для ўсіх, дзе пераважае не ўлада, а любоў, узаемнае служэнне і супольнае шуканне праўды.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас Імшы ў рамках Юбілею Сінадальных Груп і Органаў Саўдзелу, якая адбылася 26 кастрычніка 2025 года, Папа падкрэсліў, што Касцёл з'яўляецца бачным знакам еднасці паміж Богам і чалавецтвам, а не проста рэлігійнай установай або іерархічнай структурай.

Пантыфік нагадаў, што ў хрысціянскай супольнасці адносіны павінны будавацца не на логіцы ўлады, а на логіцы любові, дзе першынство належыць духоўнаму жыццю, якое дазваляе ўсвядоміць сябе дзецьмі Божымі і братамі паміж сабой.

У Касцёле найвышэйшым правілам з’яўляецца любоў: усе пакліканы слухаць, служыць і ўдзельнічаць

Развіваючы тэму супольнага шляху, Святы Айцец звярнуўся да евангельскай прыпавесці пра фарысея і мытніка. Хоць абодва ўзышлі ў святыню, паміж імі не было камунікацыі, іх знаходжанне разам не было "супольным падарожжам".

Пантыфік патлумачыў, што гэта адбылося з прычыны стаўлення фарысея, чыя малітва была скіравана не да Бога, а да самога сябе. Яго апантанасць уласным "я" перашкодзіла яму ўсталяваць адносіны як з Богам, так і з іншымі людзьмі.

Падчас папскай Імшы ў рамках Юбілею Сінадальных Груп і Органаў Саўдзелу
Падчас папскай Імшы ў рамках Юбілею Сінадальных Груп і Органаў Саўдзелу   (@Vatican Media)

Папа перасцярог, што падобнае можа здарыцца і ў хрысціянскай супольнасці, калі "я" пераважае над "мы", што спараджае індывідуалізм, падзелы і ператварае супольнасць у месца асуджэння і выключэння.

Узорам для Касцёла, паводле Льва XIV, павінен быць мытнік. Яго пакора вучыць неабходнасці прызнаваць сябе тымі, хто мае патрэбу ў Богу і адзін у адным, практыкуючы ўзаемную любоў, слуханне і радасць супольнага шляху.

Пераўтвараць напружанасці ў Касцёле ў гармонію праз супольнае распазнаванне ў Духу Святым

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сінадальных груп, Пантыфік назваў іх вобразам Касцёла, які жыве ў еднасці. Ён заахвоціў іх дапамагаць усёй супольнасці "ісці разам у пошуку Бога, адкідваючы клерыкалізм і марную славу, каб апрануцца ў пачуцці Хрыста".

Пантыфік заклікаў з даверам і ў новым духу перажываць напружанасці ў жыцці Касцёла – паміж адзінствам і разнастайнасцю, традыцыяй і навізной, уладай і ўдзелам. Гэтыя напружанасці, паводле яго, не павінны станавіцца ідэалагічнымі супярэчнасцямі, а павінны быць аплодненыя Духам Святым і накіраваныя на супольнае распазнанне.

Падчас папскай Імшы ў рамках Юбілею Сінадальных Груп і Органаў Саўдзелу
Падчас папскай Імшы ў рамках Юбілею Сінадальных Груп і Органаў Саўдзелу   (@Vatican Media)

На заканчэнне гаміліі Папа падзяліўся сваёй марай аб Касцёле пакорным, які "нагінаецца, каб абмыць ногі чалавецтву", які з'яўляецца гасцінным месцам для кожнага і застаецца ў слуханні Бога і свету.

Ён завяршыў сваё разважанне малітвай да Багародзіцы словамі Слугі Божага дона Таніна Бэла, просячы аб умацаванні еднасці і пераадоленні ўнутраных падзелаў у Касцёле.
 

26 кастрычніка 2025, 10:44