Пошук

Каталікос-Патрыярх Асірыйскай Царквы Усходу Мар Ава ІІІ Каталікос-Патрыярх Асірыйскай Царквы Усходу Мар Ава ІІІ 

Пантыфік сустрэнецца з Патрыярхам Асірыйскай Царквы

Леў XIV прыме на аўдыенцыі Каталікоса-Патрыярха Асірыйскай Царквы Усходу Мар Аву ІІІ. Гэта першы афіцыйны візіт Патрыярха да цяперашняга Пантыфіка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведаміла Дыкастэрыя спрыяння хрысціянскаму адзінству, сустрэча адбудзецца ў панядзелак, 27 кастрычніка 2025 года. Каталікоса-Патрыярха будуць суправаджаць члены Змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой. У гэтыя дні камісія працягвае ў Рыме працу над новай фазай дыялогу, прысвечанай тэме літургіі ў жыцці Касцёла.

Сустрэча стане працягам шляху, вызначанага папярэднікамі. У лістападзе 2022 года Патрыярх Мар Ава ІІІ сустракаўся з Папам Францішкам. Тады Пантыфік падкрэсліў важнасць “экуменізму крыві” – агульнага мучаніцтва, якое яднае хрысціян на Блізкім Усходзе.

Хто такія асірыйскія хрысціяне?

Асірыйская Царква належыць да супольнасцей, якія паходзяць з Патрыярхату Селеўкіі-Ктэсіфона, і першапачаткова дзейнічала ў Цэнтральнай Азіі і на Блізкім Усходзе. У тэалагічным плане яе звязваюць з дактрынай нестарыянства, аднак фактычна яна грунтуецца на вучэнні Тэадора Мапсуэстыйскага і Бавая Вялікага.

У адрозненне ад Праваслаўных і Старажытнаўсходніх Цэркваў, Асірыйская Царква не знаходзіцца ў еднасці ні з адной іншай хрысціянскай супольнасцю. Яна выкарыстоўвае халдэйскі абрад, а яе літургічнай мовай з'яўляецца сірыйская.

Прытрымліваючыся дактрынальных традыцый старажытнай Царквы Усходу, сучасная Асірыйская Царква прызнае першыя два сусветныя саборы: Першы Нікейскі (325) і Першы Канстантынопальскі (381). Асірыйская Царква вызнае трынітарную веру, выкладзеную ў Нікейскім Сімвале веры, і вызнае вечнае паходжанне Духа Святога ад Айца.

Цяпер Асірыйская Царква налічвае каля 385 тысяч вернікаў, якія пражываюць пераважна ў дыяспары. Сядзіба Патрыярха знаходзіцца ў Эрбілі ў Іраку. З 2021 года яе ўзначальвае 50-гадовы Мар Ава ІІІ.

Шлях да еднасці: сумесныя дэкларацыі і інтэркамунія

Прарывам у экуменічным дыялогу стала падпісанне “Супольнай хрысталагічнай дэкларацыі” 11 лістапада 1994 года. Дакумент, падпісаны Янам Паўлам ІІ і тагачасным Патрыярхам Дынхам IV Хананіяй, быў ацэнены як першы крок да інтэркамуніі – узаемнага ўдзелу ў сакрамэнтах.

Пасля гэтага выйшла сумесная дэкларацыя кіраўнікоў Асірыйскай Царквы Усходу і Халдэйскай Каталіцкай Царквы, якія дазволілі вернікам узаемна прымаць святую Камунію ў выпадку неабходнасці.

Гэту магчымасць афіцыйна пацвердзіў і Святы Пасад у заяве Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ад 25 кастрычніка 2001 года.
 

26 кастрычніка 2025, 11:12