Пошук

Леў XIV: Езус перамяняе смерць у жыццё, а смутак у надзею

Уваскрасенне Езуса перамяняе сэнс усёй рэальнасці і аздараўляе чалавечае сэрца ад смутку – хваробы нашага часу, падкрэсліў Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі, якая 22 кастрычніка 2025 года прайшла на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. У сустрэчы з Папам бралі ўдзел каля 50 тысяч чалавек.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Уваскрасенне Езуса Хрыста – гэта падзея, якую можна бясконца сузіраць і над якой заўсёды варта разважаць: чым глыбей у яе ўнікаеш, тым больш напаўняешся дзівам, тым мацней яна цябе прыцягвае”, - сказаў Пантыфік у сваёй катэхезе, падкрэсліўшы, што “гэта быў выбух жыцця і радасці, які змяніў сэнс усёй рэальнасці”. “І ўсё ж гэта падзея не адбылася гучна, а тым больш гвалтоўна, але ціха, сціпла, схавана, можна было б сказаць – пакорна”, - дадаў Святы Айцец.

Смутак – хвароба нашага часу

Леў XIV адзначыў, што ўваскрасенне Хрыста можа аздаравіць ад адной з хвароб нашага часу – смутку, які з’яўляецца ўсюдыісным і ўсёпранікальным, прысутнічае ў штодзённасці многіх людзей, перамагае любое імкненне да радасці і пазбаўляе жыццё сэнсу і сілы.

Расчараванне вучняў з Эмаўса

Гэты досвед перажылі два вучні з Эмаўса, пра якіх апавядае Евангелле паводле святога Лукі (24,13–29). Засмучаныя і расчараваныя, яны пакідалі Ерузалем пасля ўкрыжавання і пахавання Езуса – без надзеі і з пачуццём спустошанасці, што авалодала іх сэрцамі.

“Абодва ішлі, адвярнуўшыся ад Галготы, ад страшнай сцэны ўкрыжавання, што яшчэ стаяла перад іх вачыма і ў іх сэрцах. Усё здавалася страчаным. Трэба было вяртацца да ранейшага жыцця, ціха, спадзеючыся, што ніхто іх не пазнае”, - нагадаў Святы Айцец.

Невядомы спадарожнік, які вяртае надзею

У пэўны момант да вучняў далучыўся “невядомы падарожнік”, падобны на аднаго з пілігрымаў, што былі ў Ерузалеме на Пасху. Гэта быў уваскрослы Езус, але яны Яго не пазналі. “Смутак засланіў ім вочы, сцёр з памяці абяцанне, якое Настаўнік не раз паўтараў: што Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне”, – падкрэсліў Папа.

Пантыфік нагадаў, што Езус цярпліва выслухаў вучняў, дазволіў ім выказаць сваё расчараванне, а потым папракнуў іх за слабую веру і пачаў тлумачыць Святое Пісанне, дзе гаворыцца, што Збаўца павінен быў цярпець, памерці і ўваскрэснуць. Тады сэрцы вучняў зноў запалалі надзеяй. Яны запрасілі таямнічага спадарожніка застацца з імі і раздзяліць пасілак, і нарэшце пазналі Яго ў жэсце ламання хлеба, напоўніўшыся радасцю.

Уваскрослы запаўняе надзеяй пустату нашага смутку

Вучні паспяшылі назад у Ерузалем, каб расказаць іншым, што Пан сапраўды ўваскрос. “Езус не ўваскрос толькі на словах, але ў рэальнасці, у сваім целе, якое захоўвала знакі мукі – вечную пячатку Яго любові да нас. Перамога жыцця – не пустое слова, а канкрэтны факт”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа пажадаў, каб нечаканая радасць вучняў з Эмаўса стала для нас лагодным падбадзёрваннем у хвіліны выпрабаванняў. Ён нагадаў, што “Уваскрослы кардынальна змяняе перспектыву, уліваючы надзею, якая запаўняе пустату смутку”. “Прызнаць Уваскрасенне – значыць змяніць позірк на свет”, заўсёды памятаючы, што Уваскрослы Езус “робіць магчымым немагчымае”, - сказаў на заканчэнне катэхезы Пантыфік.
 

22 кастрычніка 2025, 10:47

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >