Леў XIV: маё сэрца яднаецца з пакутамі народа Украіны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“З болем сачу за навінамі пра новыя гвалтоўныя напады, якія закранулі некалькі гарадоў і грамадзянскую інфраструктуру ва Украіне, прывёўшы да смерці нявінных людзей, у тым ліку дзяцей, і пакінуўшы без электрычнасці і ацяплення мноства сем’яў. Маё сэрца яднаецца з цярпеннем гэтага народа, які ўжо шмат гадоў жыве ў трывозе і нястачы. Я зноў заклікаю пакласці канец гвалту, спыніць разбурэнне, адкрыцца на дыялог і мір!”, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якую правёў 12 кастрычніка 2025 года на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.
Пантыфік выказаў сваю блізкасць таксама “дарагому перуанскаму народу ў гэты момант палітычных змен”. “Малюся, каб Перу магло працягваць ісці шляхам прымірэння, дыялогу і нацыянальнага адзінства”, - пажадаў ён.
Святы Айцец згадаў таксама пра Дзень памяці ахвяраў няшчасных выпадкаў на працы, які адзначаецца ў Італіі. Ён заклікаў памаліцца за людзей, якія пацярпелі падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў, а таксама за бяспеку ўсіх работнікаў.
