Леў XIV: мігранты могуць быць прывілеяванымі сведкамі надзеі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
2 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў ватыканскай канферэнцыі на тэму “Бежанцы і мігранты ў нашым супольным доме”, на якой сабраліся прадстаўнікі акадэмічных колаў і арганізацый, што працуюць з мігрантамі і вымушанымі перасяленцамі.
Святы Айцец адзначыў, што форум дае пачатак трохгадоваму праекту, скіраванаму на распрацоўку “плана дзеянняў”, заснаванага на чатырох слупах: навучанні, даследаваннях, служэнні і падтрымцы. Па яго словах, гэтая праца адпавядае закліку Папы Францішка да акадэмічнай супольнасці – шукаць канкрэтныя шляхі дапамогі людзям, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы.
Пантыфік нагадаў, што сёння больш за 100 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце церпяць ад вымушанай міграцыі і перамяшчэння. “Я малюся, каб вашы намаганні ў гэтай сферы прынеслі новыя ідэі і падыходы, заўсёды ставячы годнасць кожнай чалавечай асобы ў цэнтр кожнага рашэння”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Леў XIV асаблівым чынам вылучыў дзве тэмы, якія прапаноўваецца ўключыць у планы дзейнасці: прымірэнне і надзея. Ён заўважыў, што адной з галоўных перашкод у вырашэнні праблем мігрантаў становіцца “глабалізацыя абыякавасці”, калі грамадства прызвычайваецца да пакут іншых і не шукае спосабаў палегчыць іх.
“Гэта можа прывесці да “глабалізацыі бездапаможнасці”, калі мы рызыкуем заставацца нерухомымі, маўклівымі і засмучанымі, думаючы, што нічога нельга зрабіць перад абліччам пакут нявінных”, - сказаў Папа.
“Як Папа Францішак казаў пра культуру сустрэчы як пра супрацьяддзе да глабалізацыі абыякавасці, так і мы павінны імкнуцца супрацьстаяць глабалізацыі бездапаможнасці праз прасоўванне культуры прымірэння”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаўшы сваіх гасцей прапаноўваць канкрэтныя шляхі спрыяння жэстам і палітыцы прымірэння, асабліва на землях, дзе існуюць глыбокія раны ад працяглых канфліктаў.
Святы Айцец таксама заахвоціў памятаць, што мігранты і бежанцы могуць быць прывілеяванымі сведкамі надзеі дзякуючы сваёй стойкасці і даверу да Бога, нягледзячы на перашкоды, з якімі яны сутыкаюцца. Ён заўважыў, што гэты прыклад, можа стаць крыніцай натхнення для людзей, якія перажываюць цяжкасці.
