Пошук

Мігранты на мяжы Мексікі і ЗША Мігранты на мяжы Мексікі і ЗША  (AFP or licensors)

Леў XIV: мігранты надаюць новы імпульс парафіям, якія іх прымаюць

Дапамога бедным і мігрантам – гэта “Божы стыль” блізкасці, спагады і пяшчоты, - нагадаў Святы Айцец у пасланні да амерыканскіх дабрачынцаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

4 кастрычніка 2025 года Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў 115-й штогадовай сустрэчы сеткі Каталіцкіх дабрачынных арганізацый ЗША (Catholic Charities USA), якая аб’ядноўвае 168 дыяцэзіяльных устаноў.

Папа падкрэсліў, што дабрачынная дапамога ўразлівым людзям увасабляе для іх Божы Провід, паколькі яны не могуць спадзявацца на свае ўласныя рэсурсы і залежаць ад Бога і дабрыні іншых. Забяспечваючы бедных ежай, жыллём, медыцынскай дапамогай, юрыдычнай падтрымкай і многім іншым, каталіцкія дабрачынцы дэманструюць тое, што Папа Францішак часта называў “Божым стылем” блізкасці, спагады і пяшчоты.

Леў XIV адзначыў, што, нягледзячы на перашкоды і выпрабаванні, мігранты, дзякуючы сваёй жыццястойкасці, таксама могуць быць сведкамі надзеі. Бежанцы і мігранты-католікі становяцца “місіянэрамі надзеі”, надаюць парафіям новы імпульс, прыносячы жывую веру і народную пабожнасць.

“Дапамагаючы мігрантам знайсці новы дом у вашай краіне, вы таксама дзейнічаеце як будаўнікі мастоў паміж народамі, культурамі і людзьмі”, - звярнуўся Папа да дабрачынцаў, заклікаючы працягваць падтрымліваць супольнасці, якія прымаюць новых братоў і сясцёр, прызнаваць іх чалавечую годнасць і спрыяць іх паўнавартаснаму ўдзелу ў жыцці грамадства.

09 кастрычніка 2025, 12:28