Пошук

Папа падзякаваў “Рыцарам Калумба” за адданасць і падтрымку

Святы Айцец выказаў падзяку “Рыцарам Калумба” за фінансаванне рэстаўрацыйных прац у базіліцы Святога Пятра, праведзеных напярэдадні Юбілею, і за падтрымку папскіх дабрачынных ініцыятыў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

6 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў кіраўнічай рады каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Рыцары Калумба”, якія здзейснілі пілігрымку ў Рым з нагоды Юбілейнага года.

Пантыфік заўважыў, што дзясяткі мільёнаў вернікаў сёлета прыбылі ў Вечны горад, каб наведаць магілы апосталаў, прайсці праз Святыя брамы і ўмацаваць сваю веру. “Адным з твораў мастацтва ў Ватыкане, які яны, несумненна, бачаць, калі праходзяць праз Святыя брамы і ўваходзяць у базіліку, з’яўляецца балдахін Джана Ларэнца Берніні, які цяпер ззяе ва ўсёй сваёй першапачатковай прыгажосці пасля першай комплекснай рэстаўрацыі ў сваёй гісторыі”, - сказаў Папа, нагадаўшы, што другім адрэстаўраваным дзякуючы амерыканскім ахвярадаўцам помнікам з’яўляецца манументальная скульптурная кампазіцыя Берніні “Катэдра святога Пятра”, якая знаходзіцца ў апсідзе ватыканскай базылікі.

“Гэтыя шэдэўры дапамагаюць усім, хто глядзіць на іх, задумацца пра два асноўныя прынцыпы нашай веры: рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі і Папу як пераемніка Пятра, які аб’ядноўвае і вядзе Касцёл”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік выказаць глыбокую падзяку “Рыцарам Калумба” за шчодрасць, якая зрабіла гэтыя праекты магчымымі, падкрэсліўшы, што яна з’яўляецца бачным знакам іх нязменнай адданасці Намесніку Хрыста.

Леў XIV нагадаў, што “Рыцары Калумба” на працягу ўсёй сваёй гісторыі падтрымліваюць шматлікія дабрачынныя ініцыятывы Рымскага Пантыфіка, прыкладаюць намаганні дзеля абароны святасці чалавечага жыцця на ўсіх яго этапах, дапамогаюць ахвярам войнаў і стыхійных бедстваў, а таксама спрыяюць святарскім пакліканням. “За гэтыя канкрэтныя дзеянні, а таксама за вашы штодзённыя малітвы і ахвяры дзеля дабра ўсяго Божага народа я выказваю вам шчырую і цёплую ўдзячнасць”, - сказаў Святы Айцец, пажадаўшы, сваім гасцям плённай пілігрымкі ў Рым і запэўніваючы ў малітве, каб час, праведзены імі ў Вечным горадзе, умацаваў у іх надзею і любоў да Касцёла.
 

07 кастрычніка 2025, 12:20