Заклік Льва XIV у Дзень святой Тэрэзы з Авілы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Звяртаючыся да пілігрымаў Папа заклікаў усіх “выконваць свой занятак сумленна, адказна і згодна з указаннямі этыкі, спрыяючы сапраўднаму дабру грамадства”.
Прыклад святой Тэрэзы – ключ да жывой малітвы
Напрыканцы Пантыфік адмыслова накіраваў думкі да моладзі, хворых і маладых сем’яў, прапануючы ім звярнуць увагу на святую Тэрэзу з Авілы, літургічны ўспамін якой адзначаецца сёння, 15 кастрычніка 2025 года. Яго словы – запрашэнне штодзённа ажыўляць дух у малітве, скіроўваючы позірк на Езуса Хрыста, адзінага Збаўцу свету.
“Няхай прыклад гэтай вялікай жанчыны кантэмплятыўнага жыцця будзе для вас усіх запрашэннем да штодзённага абнаўлення вашага духу ў малітве, скіроўваючы позірк на Езуса Хрыста, адзінага Збаўцу свету”, - звярнуўся Леў XIV.
Святая Тэрэза – жыццё і рэформа Кармэля
Святая Тэрэза ад Езуса, панна і Доктар Касцёла, нарадзілася 28 сакавіка 1515 года ў Авіле; ва ўзросце дваццаці гадоў уступіла ў кармэліцкі кляштар, пасля манаскіх шлюбаў перажыла цяжкую хваробу і містычныя бачанні.
Імкненне да дасканаласці прывяло яе ў 1562 годзе да заснавання ў Авіле першага рэфармаванага кляштара з акцэнтам на малітву, самоту і строгую аскезу; праз шэсць гадоў святы Ян ад Крыжа рэфармаваў мужчынскую галіну, паклаўшы пачатак кармэлітам босым.
Нягледзячы на напады і крытыку, яна не спыніла служэння і, знясіленая працай і пакутамі, памерла 4 кастрычніка 1582 года. Яе містычныя творы, найперш “Унутраны замак”, сталі духоўным скарбам Касцёла.
