Папа Леў XIV падчас размовы з журналістамі ў Кастэль-Гандольфа Папа Леў XIV падчас размовы з журналістамі ў Кастэль-Гандольфа 

Святы Айцец: трэба вярнуцца да здольнасці весці дыялог

Пераадолець нянавісць і аднавіць здольнасць весці дыялог заклікаў Папа ў размове з журналістамі. Ён асудзіў тэрарызм і антысемітызм, падкрэсліўшы, што Касцёл заўсёды будзе служыць міру.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Вяртаючыся 7 кастрычніка 2025 года з Кастэль-Гандольфа ў Ватыкан, Пантыфік па традыцыі адказаў на пытанні журналістаў. Ён нагадаў пра трагічныя падзеі ў Ізраілі, якія адбыліся роўна два гады таму, і пра ахвяры ў Сектары Газа.

“Гэта былі два вельмі балючыя гады. Два гады таму ў тэрарыстычным акце загінула 1200 чалавек. Трэба думаць пра тое, колькі нянавісці існуе ў свеце, і пачаць задаваць сабе пытанне, што мы можам зрабіць. За два гады было забіта каля 67 тысяч палесцінцаў. Трэба зменшыць нянавісць, трэба вярнуцца да здольнасці весці дыялог, шукаць мірных рашэнняў”, - сказаў Папа.

Не – тэрарызму і антысемітызму

Святы Айцец асудзіў як тэрарызм, так і нядаўнія выпадкі антысемітызму, нагадаўшы пра евангельскае пасланне міру. "Безумоўна, нельга прыняць групы, якія выклікаюць тэрарызм. Трэба заўсёды адмаўляцца ад гэтага стылю нянавісці ў свеце. У той жа час, існаванне антысемітызму, незалежна ад таго, узрастае ён ці не, выклікае непакой. Трэба заўсёды абвяшчаць мір, павагу да годнасці ўсіх людзей. Гэта пасланне Касцёла", - сказаў Леў XIV.

Інтэрв'ю кардынала Параліна

Папа падтрымаў пазіцыю Дзяржаўнага сакратара, кардынала П'етра Параліна, які ў інтэрв’ю ватыканскім СМІ выказаў афіцыйны погляд на блізкаўсходні канфлікт. "Кардынал вельмі добра выказаў меркаванне Святога Пасада па гэтым пытанні", - падкрэсліў ён.

Пантыфік заклікаў вернікаў працягваць маліцца аб заканчэнні кровапраліцця і пацвердзіў, што Касцёл будзе спрыяць дыялогу і прымірэнню.

Першае апостальскае падарожжа

Леў XIV абвясціў і пра свой будучы візіт у Турцыю і Ліван, які адбудзецца з 27 лістапада па 2 снежня. "Падарожжа ў Турцыю матывавана 1700-й гадавінай Нікейскага Сабора. Я думаю, што гэта сапраўды важны момант. Гэта падарожжа, якое хацеў здзейсніць Папа Францішак. Для ўсіх хрысціян гэта будзе момант сапраўднага адзінства ў веры. Нельга ўпусціць гэты гістарычны момант. Але гэта не вяртанне ў мінулае, а крок наперад", - адзначыў Папа.

Пасланне міру для Лівана

Падарожжам у Ліван Пантыфік жадае прынесці суцяшэнне народу, чые пакуты абвастрыліся пасля выбуху ў порце Бейрута 4 жніўня 2020 года. "У Ліване я буду мець магчымасць зноў абвясціць пасланне міру на Блізкім Усходзе, у шматпакутнай краіне. Туды таксама жадаў паехаць Папа Францішак. Ён жадаў абняць народ Лівана пасля выбуху, пасля ўсяго, што яны перажылі. Мы будзем імкнуцца прынесці гэтае пасланне міру і надзеі", - заключыў Леў XIV.

08 кастрычніка 2025, 10:51