Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Кардынал Паралін пра Газу: спыніць бойню і вызваліць закладнікаў

У другую гадавіну тэрарыстычнай атакі ХАМАС на Ізраіль і пачатку вайны ў сектары Газа кардынал Паралін аналізуе канфлікт: ад асуджэння тэрору і заклікаў да міру да крытыкі міжнароднай супольнасці і бяздзейнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю ватыканскім СМІ з нагоды другой гадавіны тэрарыстычнай атакі ХАМАС на Ізраіль і пачатку вайны ў сектары Газа, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы зноў назваў напад 7 кастрычніка 2023 года "бесчалавечным і неапраўданым". Ён нагадаў, што Святы Пасад неадкладна выказаў сваё "поўнае і рашучае асуджэнне", заклікаўшы да вызвалення закладнікаў.

Атака ХАМАС – бесчалавечнае і неапраўданае злачынства

"Брутальны гвалт у дачыненні да дзяцей, жанчын, моладзі, пажылых людзей не можа мець ніякага апраўдання. Гэта была ганебная і – паўтару – бесчалавечная разня", - падкрэсліў ён.

Іерарх выказаў глыбокі смутак і боль, гледзячы на выявы людзей, якіх трымаюць у тунэлях і моруць голадам, і запэўніў у пастаяннай малітве і гатоўнасці Святога Пасада зрабіць усё магчымае для іх вызвалення. Ён нагадаў, што Папа Леў XIV, як і яго папярэднік, неаднаразова звяртаўся з заклікамі вызваліць закладнікаў.

Кардынал Паралін назваў сітуацыю ў Газе "яшчэ больш сур'ёзнай і трагічнай", чым год таму, з наступствамі, якія з'яўляюцца "катастрафічнымі і бесчалавечнымі".

"Мяне ўражвае і засмучае штодзённы падлік загінулых у Палесціне, ... мы рызыкуем прызвычаіцца да гэтай бойні!" - сказаў ён. Дзяржсакратар падкрэсліў, што права на абарону павінна паважаць прынцып прапарцыянальнасці.

Дыпламатыя і рашэнне "два народы, дзве дзяржавы" – адзіны шлях да міру

"Недастаткова казаць, што тое, што адбываецца, недапушчальна, а потым дазваляць, каб гэта адбывалася", - заявіў іерарх, ставячы пад сумнеў законнасць паставак зброі, якая выкарыстоўваецца супраць мірнага насельніцтва.

Закранаючы праблему антысемітызму, іерарх назваў яго "ракавай пухлінай, якую трэба выкараніць", і заклікаў не ўскладаць на ўсіх яўрэяў адказнасць за дзеянні цяперашняга ўрада Ізраіля.

Ён нагадаў пра неабходнасць памятаць пра Халакост (Shoah), каб "гэтае зло не падняло галаву зноў". Адначасова ён падкрэсліў, што ніводзін палесцінец не павінен падвяргацца дыскрымінацыі як "патэнцыяльны тэрарыст".

Змена сітуацыі патрабуе малітвы, але і канкрэтных дзеянняў

Кардынал Паралін пацвердзіў пазіцыю Святога Пасада на карысць рашэння "два народы, дзве дзяржавы", якое, на яго думку, пасля падзей апошніх двух гадоў стала яшчэ больш актуальным. Ён з задавальненнем адзначыў, што ўсё больш краін прызнаюць Дзяржаву Палесціна, але выказаў занепакоенасць тым, што дзеянні Ізраіля накіраваны на тое, каб зрабіць немагчымым яе стварэнне.

Іерарх заклікаў да малітвы і канкрэтных дзеянняў. Ён нагадаў, што Папа Леў XIV заклікаў у кастрычніку ўсіх вернікаў маліцца на ружанцы за мір.

"Думаць, што наша роля як хрысціян заключаецца ў тым, каб зачыніцца ў сакрыстыях, я лічу глыбока памылковым. Малітва таксама кліча да дзеяння, сведчання і канкрэтнага выбару", - сказаў кардынал Паралін.
 

07 кастрычніка 2025, 09:52