Леў XIV: трыумф папскага дыпламата – спаўненне Божай волі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
13 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў сімпозіума, прысвечанага 160-годдзю з дня нараджэння Слугі Божага Рафаэля Мэры дэль Валя – адной з самых значных постацей папскай дыпламатыі ХХ стагоддзя.
Пантыфік нагадаў, што Рафаэль Мэры дэль Валь нарадзіўся ў 1865 годзе ў Лондане ў сям’і іспанскага дыпламата і англічанкі. Ён выхоўваўся ў шматкультурным і шматмоўным асяроддзі, у духу адкрытасці на паўсюднасць, што падрыхтавала яго да дыпламатычнага служэння Святому Пасаду ў час, пазначаны вялікімі выклікамі.
У 38-гадовым узросце Рафаэль Мэры дэль Валь атрымаў кардынальскую годнасць і быў прызначаны Дзяржсакратаром. “Яго маладосць не стала перашкодай, бо гісторыя Касцёла вучыць, што сапраўдная сталасць залежыць не ад колькасці пражытых гадоў, а ад атаясамлівання сябе з мерай паўнаты Хрыста”, - сказаў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што англа-іспанскі кардынал умеў сумяшчаць дыпламатычнае служэнне з пастырскай дзейнасцю: ён клапаціўся пра дзяцей і моладзь з рымскага раёна Трастэверэ, катэхізаваў, спавядаў і суправаджаў іх з любоўю, таму многія прызнавалі яго блізкім святаром, бацькам і сябрам.
Пантыфік заўважыў, што імя Рафаэля Мэры дель Валя засталося звязаным са словамі “Літаніі пакоры”, якая цудоўна адлюстроўвае стыль яго служэння: “Ад жадання славы – вызвалі мяне, Пане! Ад жадання, каб са мною раіліся – вызвалі мяне, Пане! Ад страху быць прыніжаным – вызвалі мяне, Пане!”.
“Жаданне прызнання – гэта пастаянная спакуса для тых, хто надзелены адказнасцю. Кардынал Мэры дэль Валь добра ведаў пра гэта, бо яго прызначэнні ставілі яго ў цэнтр сусветнай увагі. Але ў глыбіні сваёй малітвы ён прасіў пазбавіць яго апладысментаў. Ён ведаў, што адзіны сапраўдны трыумф – гэта магчымасць штодня казаць: “Пане, сёння я там, дзе Ты хочаш, і раблю тое, што Ты мне даручаеш”. Гэта маўклівая вернасць, нябачная для вачэй свету – тое, што застаецца і прыносіць плён”, - сцвердзіў Леў XIV.
“Ён мог лічыць сябе незаменным, але замест гэтага паказаў нам, у чым заключаецца роля дыпламата: зрабіць так, каб Божая воля выконвалася праз служэнне Пятра, па-за межамі асабістых інтарэсаў. Той, хто служыць у Касцёле, не імкнецца да перавагі свайго голасу, але каб прамаўляла праўда Хрыста”, - дадаў Папа.
Святы Айцец звярнуў увагу таксама на два выразы, якія перадаюць духоўную сутнасць жыцця кардынала. Першы змешчаны на яго магіле ў Ватыканскіх гротах: “Da mihi animas, cetera tolle” (“Дай мне душы, забяры ўсё астатняе”). “Пад купалам, які захоўвае памяць апостала, ён хацеў, каб яго імя звялося да гэтай простай малітвы. Ніякіх узнагарод, тытулаў і біяграфій – толькі вокліч пастырскага сэрца”, - сказаў Пантыфік.
Другі выраз – апошні радок з “Літаніі пакоры”: “Няхай іншыя будуць свяцейшыя за мяне, пры ўмове, што я стану святым, наколькі гэта магчыма”. “Кардынал зразумеў, што мы павінны клапаціцца пра ўласную святасць, спрыяючы святасці іншых”, - падкрэсліў Леў XIV.
