Папа заклікаў да справядлівасці і згоды на Мадагаскары
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Я з глыбокім болем даведаўся пра навіны з Мадагаскара пра жорсткія сутыкненні паміж сіламі правапарадку і маладымі маніфестантамі, якія прывялі да смерці некаторых з іх і сотняў параненых. Будзем маліцца да Пана, каб заўсёды атрымлівалася пазбягаць любой формы гвалту і садзейнічаць пастаяннаму пошуку сацыяльнай гармоніі шляхам спрыяння справядлівасці і агульнага дабра”, - сказаў Пантыфік.
Вітаючы пілігрымаў з розных краін, Леў XIV нагадаў, што кастрычнік – месяц, прысвечаны Святому Ружанцу. Ён заклікаў штодзённа маліцца за мір у свеце. “Няхай супакой Уваскрослага Хрыста будзе з вамі!” - пажадаў Святы Айцец.
Звяртаючыся да арабамоўных вернікаў, асабліва тых, хто прыбыў з Лівана і Святой Зямлі, Папа нагадаў, што хрысціянін пакліканы сведчыць, што любоў і прабачэнне большыя за любую рану і мацнейшыя за любую несправядлівасць.
Скіроўваючы свае думкі да моладзі, хворых і маладажонаў, Пантыфік нагадаў пра ўспамін святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, доктара Касцёла і заступніцы місій. Ён пажадаў, каб прыклад гэтай святой заахвоціў кожнага ісці за Езусам па жыццёвым шляху, даючы паўсюль радаснае евангельскае сведчанне.
