Пошук

Леў XIV: Касцёл і свет патрабуюць сведчання манаскага жыцця

Леў XIV заклікаў кансэкраваных асоб заўсёды заставацца ўкаранёнымі ў Хрысце. Ён нагадаў, што менавіта ў малітве і еднасці з Богам маюць свае карані найлепшыя плёны дабра.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV сустрэўся ў Ватыкане з удзельнікамі Юбілею кансэкраванага жыцця. “Касцёл мае патрэбу ў вас і ва ўсёй разнастайнасці і багацці форм кансакрацыі і служэння, якія вы прадстаўляеце”, - сказаў ён законнікам, законніцам і кансэкраваным свецкім вернікам з каля ста краін свету.

Пантыфік падкрэсліў, што сведчаннем свайго жыцця, у цэнтры якога знаходзіцца Хрыстус, кансэкраваныя асобы могуць “абудзіць свет”. Ён заклікаў сваіх гасцей быць укаранёнымі ў Богу, падкрэсліўшы, што толькі так яны могуць плённа выконваць сваю місію.

“З’яднаныя з Ім, а ў Ім – паміж сабой, вашы маленькія агеньчыкі становяцца падобнымі да сцежкі святла ў вялікай задуме міру і збаўлення, якую Бог мае для чалавецтва”, - сказаў Папа, заклікаўшы сваіх гасцей клапаціцца пра ўласнае духоўнае жыццё, бо менавіта ў малітве і еднасці з Богам знаходзяцца карані найлепшых плёнаў дабра.

Святы Айцец заўважыў, што ў сэрцы кожнага чалавека прысутнічае глыбокае жаданне надзеі і міру. Таму ён заахвоціў законнікаў і законніц пашыраць згоду праз словы і жыццёвае сведчанне. “Толькі так вы зможаце быць у розных асяроддзях, у якіх жывяце і працуеце, будаўнікамі мастоў і носьбітамі культуры сустрэчы – у дыялогу, узаемным разуменні, павазе да адметнасцяў, з той верай, якая дапамагае распазнаваць у кожным чалавеку адно святое і цудоўнае аблічча Хрыста”, - адзначыў Леў XIV.

Пантыфік нагадаў, што з самых старажытных часоў манаскія супольнасці былі ўважлівыя да розных сацыяльных праблем, асабліва да патрэбаў бедных. “Працягвайце быць абаронцамі і паборнікамі гэтай вялікай традыцыі дзеля дабра братоў!”, - заклікаў ён.

Леў XIV заахвоціў прадстаўнікоў манаскіх супольнасцей практыкаваць сінадальнасць у сваім жыцці – штодзённа жыць такімі каштоўнасцямі, як уважлівае слуханне, удзел, дзяленне думкамі і здольнасцямі, а таксама пошук супольных шляхоў, якія ўказвае Святы Дух.

“Касцёл просіць вас сёння быць асаблівымі сведкамі ўсяго гэтага ва ўсіх вымярэннях вашага жыцця: перадусім ідучы ў адзінстве з вялікай Божай сям’ёй, адчуваючы яе як Маці і Настаўніцу, дзелячыся з ёй радасцю вашага паклікання, а таксама, дзе неабходна, пераадольваючы падзелы, даруючы спазнаную несправядлівасць, просячы прабачэння за закрытасць, выкліканую самадастатковасцю. Дзень за днём намагайцеся ўсё больш станавіцца “эспертамі ў сінадальнасці”, каб быць яе прарокамі на службе Божаму народу”, - заклікаў Папа.

Напрыканцы сустрэчы Пантыфік заахвоціў кансэкраваных асоб глядзець у будучыню з даверам і не баяцца прымаць мужныя рашэнні. Ён нагадаў словы Папы Францішка, які казаў, што наша надзея грунтуецца “не на колькасці ці ініцыятывах, але на Тым, на каго мы паклалі надзею і для якога няма нічога немагчымага”.

“Гэта надзея, якая не падвядзе і дазволіць кансэкраванаму жыццю працягваць пісаць вялікую гісторыю ў будучыні, у якую мы павінны ўглядацца, усведамляючы, што менавіта да яе падштурхоўвае нас Святы Дух, каб разам з Ім здзяйснялі вялікія справы”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

10 кастрычніка 2025, 12:50