Пошук

Леў XIV: зрабіць усё магчымае для падтрымкі і абароны сям’і

Папа нагадаў пра важнасць намаганняў па абароне сям’і, бацькоўства і мацярынства. Ён пажадаў, каб даследаванні ў гэтай сферы спалучаліся з малітвай, што дазволіць знайсці новыя словы, каб дакрануцца да сумлення моладзі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Перад абліччам сацыяльных, эканамічных і культурных выклікаў “мы заўсёды пакліканы падтрымліваць, абараняць і прасоўваць сям’ю”, - падкрэсліў Леў XIV 24 кастрычніка 2025 года, прымаючы на аўдыенцыі акадэмічную супольнасць Папскага тэалагічнага інстытута навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ.

Пантыфік нагадаў, што “якасць сацыяльнага і палітычнага жыцця краіны вымяраецца, у прыватнасці, тым, наколькі яна дазваляе сем’ям жыць добра, мець час для сябе і развіваць сувязі, якія іх аб’ядноўваюць”. Па яго словах, “у грамадстве, якое часта пераацэньвае прадуктыўнасць і хуткасць за кошт адносін, неабходна вярнуць час і прастору любові, якой вучаць у сям’і”.

Чалавечае жыццё – гэта дар

Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць намаганняў грамадзянскай і касцельнай супольнасцяў, накіраваных на вяртанне поўнай годнасці мацярынству. Ён адзначыў, што чалавечае жыццё – гэта дар, які заўсёды трэба прымаць з павагай, клопатам і ўдзячнасцю. Пантыфік перакананы, што патрэбны канкрэтныя ініцыятывы дапамогі бацькам, а мацярынства і бацькоўства павінны не лічыцца цяжарам для грамадства, а “надзеяй, якая ўмацоўвае і аднаўляе яго”.

Сям’я – школа чалавечнасці

Леў XIV адзначыў важнасць вывучэння сям’і ў кантэксце сацыяльнага вучэння Касцёла, нагадаўшы, што яна з’яўляецца першай ячэйкай грамадства і фундаментавай школай чалавечнасці.

Пан працягвае стукаць у сэрцы моладзі

Гаворачы пра душпастырскія выклікі, Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў многіх рэгіёнах свету існуе тэндэнцыя адмаўлення ад сужэнства. “Заклікаю вас быць уважлівымі ў разважаннях пра падрыхтоўку да сакрамэнту сужэнства да дзеяння Божай ласкі ў сэрцы кожнага чалавека. Нават калі маладыя робяць выбары, якія не супадаюць з шляхамі, прапанаванымі Касцёлам паводле вучэння Езуса, Пан працягвае стукаць у сэрца, рыхтуючы іх да прыняцця новага ўнутранага паклікання”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік пажадаў, каб тэалагічныя і душпастырскія даследаванні былі ўкаранёныя ў малітве, што дазволіць знаходзіць новыя словы, здольныя дакрануцца да сумлення моладзі. “Наш час адзначаны не толькі напружаннем і ідэалогіямі, якія блытаюць сэрцы, але і ўзрастаннем пошуку духоўнасці, праўды і справядлівасці, асабліва сярод моладзі. Прымаць гэта жаданне і клапаціцца пра яго – адна з самых цудоўных і актуальных задач для ўсіх нас”, - дадаў Святы Айцец.

Леў XIV заклікаў акадэмічную супольнасць Папскага тэалагічнага інстытута імя Яна Паўла ІІ практыкаваць сінадальны стыль, каб лепш распазнаваць, як узрастаць разам у служэнні сужэнству і сям’і.
 

24 кастрычніка 2025, 14:30