Святы Айцец – эрэмітам: вашае жыццё – не ўцёкі ад свету
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пантыфік прыняў 11 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане групу італьянскіх пустэльнікаў, якія прыбылі ў Рым у межах Юбілею Кансэкраванага Жыцця.
У сваёй прамове ён падкрэсліў, што Бог у кожны час шукае і кліча людзей, каб яны пакланяліся Яму “ў духу і праўдзе”. Гэта пакліканне прысвяціць сябе цалкам Богу, шукаць і слухаць Яго, праслаўляць і заклікаць Яго ўдзень і ўначы ў таямніцы сэрца. Гаворка ідзе пра ўнутранае паглыбленне, якое патрабуе шляху апусташэння і пазбаўлення сябе, каб у цішыні і духоўнай барацьбе захаваць чыстае, пакорнае і лагоднае сэрца.
Сузіральнае жыццё – не ўцёкі ад свету, а перамяненне сэрца, здольнага слухаць і натхняцца Божай любоўю
Гэтае пакліканне да адарацыі і ўнутранай малітвы, уласцівае кожнаму верніку, пустэльнікі пакліканы перажываць узорным чынам, каб быць у Касцёле сведчаннем прыгажосці сузіральнага жыцця. Яно не з’яўляецца ўцёкамі ад свету, але “адраджэннем сэрца, каб яно было здольным да слухання, крыніцай творчага і плённага дзеяння любові, якой нас натхняе Бог”.
Паводле Святога Айца, сёння як ніколі існуе патрэба ў такім пакліканні да ўнутранага жыцця і цішыні, каб жыць у кантакце з самім сабой, з бліжнім, са стварэннем і з Богам, асабліва ў свеце, які ўсё больш адчужаны знешнім медыйным і тэхналагічным уздзеяннем.
Аддаленасць ад свету не аддзяляе эрэмітаў ад іншых, але яднае іх у больш глыбокай салідарнасці. Леў XIV працытаваў Эвагрыя Пантыйскага: “Манах – гэта той, хто, адлучаны ад усіх, з’яднаны з усімі”, бо малітоўная самота нараджае еднасць і спачуванне да ўсяго чалавецтва і кожнага стварэння.
Дыяцэзіяльны пустэльнік – гэта асоба ў адкрытых адносінах з касцельным арганізмам і целам гісторыі
Простая прысутнасць і малітоўнае сведчанне эрэмітаў праз еднасць з біскупам і братэрскія адносіны з пробашчамі становяцца каштоўнымі і плённымі, бо ўзмацняюць “духоўнае дыханне” хрысціянскай супольнасці.
Гэта асабліва актуальна для сельскай мясцовасці, дзе святароў і кансэкраваных асоб становіцца ўсё менш. У той жа час, у ананімных і складаных гарадскіх умовах, пазначаных кепскай адзінотай, пустэльніцкія асяродкі з’яўляюцца “аазісамі еднасці з Богам і з братамі”.
Захоўваючы спадчыну Айцоў Касцёла, эрэміты пакліканы інтэрпрэтаваць новыя духоўныя выклікі з творчасцю Духа Святога
Застаючыся вернымі спадчыне Айцоў Касцёла ў захаванні Божага слова праз “lectio divina” і малітву псальмамі, пустэльнікі пакліканы адначасова інтэрпрэтаваць новыя духоўныя выклікі з творчасцю Духа Святога. Менавіта Суцяшыцель адкрывае іх на дыялог з усімі, хто шукае сэнс і праўду, навучаючы дзяліцца і накіроўваць іх часта заблытаныя духоўныя пошукі.
Кожны пустэльнік, як адзначыў Папа, можа заахвоціць бліжняга вярнуцца да самога сябе, аднавіць цэнтр сэрца. Там, у глыбіні душы, кожны можа адкрыць агонь прагнення Бога, які ніколі не згасае. “Вы з’яўляецеся захавальнікамі і сведкамі гэтага жадання, якое жыве ў кожным чалавеку, каб кожны мог яго адкрыць і падтрымліваць у сабе”, – сказаў Пантыфік.
На заканчэнне Леў XIV падкрэсліў, што наш “неспакойны час” патрабуе ад пустэльнікаў “увайсці ў таямніцу заступніцтва Хрыста за ўсё чалавецтва, пагаджаючыся стаць пасрэднікамі паміж стварэннем, крохкім і пад пагрозай зла, і міласэрным Айцом”.
Пакліканыя стаяць на варце з узнятымі рукамі і чуйным сэрцам, яны павінны ісці ў прысутнасці Бога, салідарныя з выпрабаваннямі чалавецтва, плывучы разам з усім Касцёлам па бурным моры гісторыі да Валадарства любові і спакою.
