Пошук

Падчас прыватнай аўдыенцыі для прэзідэнта Бразіліі ў Ватыкане Падчас прыватнай аўдыенцыі для прэзідэнта Бразіліі ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Прэзідэнт Бразіліі пра сустрэчу з Львом XIV у Ватыкане

Падчас прыватнай аўдыенцыі прэзідэнт Бразіліі Лула абмеркаваў з Папам клімат і беднасць, а таксама запрасіў яго на саміт у Амазонію, на які Пантыфік вышле дэлегацыю Святога Пасада.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News.

Леў XIV прыняў Прэзідэнта Бразіліі Луіза Інасію Лулу да Сілву ў бібліятэцы Апостальскага палаца 13 кастрычніка 2025 года. Святы Пасад не публікаваў камюніке з прычыны прыватнага характару аўдыенцыі.

Кіраўнік Бразіліі запрасіў Пантыфіка на 30-ю Канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па змене клімату, якая ўпершыню адбудзецца ў сэрцы Амазоніі, у Белене. Папа, паводле паведамлення Лулы, адзначыў, што з прычыны Юбілею не зможа ўдзельнічаць, але гарантаваў прысутнасць ватыканскай дэлегацыі і выказаў намер наведаць Бразілію ў адпаведны час. “Папа Леў будзе прыняты з пяшчотай, гасціннасцю і верай бразільскага народа”, - дадаў прэзідэнт.

Бразільская дэлегацыя падчас прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Бразільская дэлегацыя падчас прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане   (@Vatican Media)

Лула паведаміў, што меў “выдатную сустрэчу” з Папам, падчас якой яны размаўлялі пра рэлігію, веру, Бразілію і вялікія глабальныя выклікі. Ён павіншаваў Пантыфіка з выхадам апостальскай адгартацыі “Dilexi Te” і яе пасланнем пра непадзельнасць веры і любові да найбяднейшых.

Паводле прэзідэнта, патрэбны “шырокі рух абурэння супраць няроўнасці”, а дакумент з’яўляецца арыенцірам, які “варта чытаць і ўвасабляць усім”. Ён лічыць, што трэба імкнуцца да скарачэння разрыву паміж багатымі і беднымі, балансуючы інтарэсы прыватнай індустрыі і арганізаванага працоўнага руху дзеля кансэнсусу.

Бразілія будзе гаспадаром 30-й Канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па змене клімату (COP30). Лула назваў гістарычна важным тое, што кліматычны форум упершыню адбудзецца ў сэрцы Амазоніі.
 

15 кастрычніка 2025, 09:36