Святы Айцец моліцца за ахвяр урагану “Меліса” на Ямайцы і Кубе
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“У гэтыя дні на Ямайку абрынуўся ўраган “Меліса” – бура катастрафічнай сілы, якая выклікае моцныя паводкі. У гэтыя гадзіны ён з разбуральнай моцай перасякае Кубу. Тысячы людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы, пашкоджаны жылыя будынкі, інфраструктура і некалькі шпіталяў”, - нагадаў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, што прайшла 29 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане.
Леў XIV выказаў салідарнасць з пацярпелымі ад стыхіі і заклікаў дапамагаць ім. “Запэўніваю ўсіх у сваёй блізкасці і малюся за тых, хто страціў жыццё, за тых, хто ўцякае, і за тыя народы, якія – у чаканні развіцця буры – перажываюць гадзіны трывогі і непакою. Заахвочваю грамадзянскія ўлады зрабіць усё магчымае і дзякую хрысціянскім супольнасцям разам з валанцёрскімі арганізацыямі за дапамогу, якую яны аказваюць”, - дадаў Папа.
