Пошук

Леў XIV: мы жывём на адной планеце і павінны клапаціцца аб ёй

Мы – адна сям’я, з адным Айцом, які загадвае сонцу ўзыходзіць і пасылае дождж на ўсіх. Мы жывём на адной планеце і павінны разам клапаціцца пра яе, - сказаў Папа ў звароце да ўдзельнікаў канферэнцыі “Абудзіць надзею на кліматычную справядлівасць”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

1 кастрычніка 2025 года з нагоды дзясятай гадавіны энцыклікі Laudato Si’ у Кастэль-Гандольфа праходзіць Міжнародная канферэнцыя “Абудзіць надзею на кліматычную справядлівасць” (Raising Hope for Climate Justice).

У сваёй прамове да ўдзельнікаў Папа падкрэсліў, што энцыкліка стала вялікім натхненнем для Касцёла і многіх людзей добрай волі. Яна дала імпульс для стварэння разнастайных груп, вучэбных праграм у школах і ўніверсітэтах, партнёрстваў і праектаў на ўсіх кантынентах. Яе ўплыў распаўсюдзіўся нават на міжнародныя саміты, экуменічны і міжрэлігійны дыялог, эканамічныя і дзелавыя колы, а таксама тэалагічныя і біяэтычныя даследаванні. Фраза “клопат пра наш агульны дом” гучыць у навуковых і палітычных зваротах і прамовах, - падкрэсліў Леў XIV.

Заклапочанасці і парады Францішка ацанілі і прынялі не толькі католікі, але і многія людзі па-за Касцёлам. Ягоны аналіз сітуацыі, прапанова парадыгмы інтэгральнай экалогіі, настойлівы заклік да дыялогу і заклік да ліквідацыі карэнных прычын праблем і “далучэння ўсёй чалавечай сям’і да пошуку ўстойлівага і інтэгральнага развіцця” выклікалі шырокую цікавасць, - нагадаў Пантыфік, дзякуючы Богу за гэты дар.

Экалагічныя выклікі застаюцца актуальнымі і сёння. Яны патрабуюць сапраўднага экалагічнага навяртання, якое можа адбыцца толькі пры ўмове вяртання да сэрца. Мы павінны перайсці ад збору даных да клопату, ад экалагічнага дыскурсу да экалагічнага навяртання, якое трансфармуе як асабісты, так і супольны лад жыцця. Для вернікаў гэтае навяртанне, насамрэч, не адрозніваецца ад таго, якое прыводзіць да веры ў Бога. Нельга любіць Бога, пагарджаючы Яго стварэннем. Нельга называць сябе вучнямі Езуса, не падзяляючы яго погляд на стварэнне і клопат пра ўсё ўразлівае і параненае, - сказаў Святы Айцец, пажадаўшы кожнаму ўзрастаць у чатырох вымярэннях: адносінах з Богам, з іншымі, з прыродай і з самімі сабой.

Мы – адна сям’я, з адным Айцом, які загадвае сонцу ўзыходзіць і пасылае дождж на ўсіх (пар. Мц 5, 45). Мы насяляем адну планету і павінны разам клапаціцца пра яе. Таму я аднаўляю свой моцны заклік да адзінства вакол інтэгральнай экалогіі і да міру! - сказаў Леў XIV.

Акрамя індывідуальных намаганняў, неабходныя буйныя палітычныя рашэнні на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Пантыфік заахвоціў грамадзян і няўрадавыя арганізацыі аказваць ціск на ўрады, каб распрацаваць і ўкараніць больш строгія правілы, працэдуры і кантроль у галіне экалогіі.

Святы Айцец выказаў спадзяванне на тое, што маючыя адбыцца міжнародныя саміты ААН – Канферэнцыя COP-30, 53-я Пленарная сесія Камітэта па сусветнай харчовай бяспецы і Канферэнцыя па водных рэсурсах 2026 года – прыслухаюцца да крыку Зямлі і крыку бедных, сем’яў, карэнных народаў, вымушаных мігрантаў і вернікаў ва ўсім свеце. Адначасова ён заахвоціў усіх, асабліва моладзь, бацькоў і тых, хто працуе ў мясцовых і нацыянальных адміністрацыях і ўстановах, унесці свой уклад у пошук рашэнняў сённяшніх “культурных, духоўных і адукацыйных выклікаў”.

Напрыканцы прамовы Папа звярнуўся да кожнага з пытаннем: калі Бог спытае нас, ці апрацоўвалі і даглядалі мы свет, які Ён стварыў (пар. Быц 2, 15) на карысць усіх і для будучых пакаленняў, і ці клапаціліся мы пра нашых братоў і сясцёр (пар. Быц 4, 9; Ян 13, 34), які будзе наш адказ?

01 кастрычніка 2025, 17:49