Пантыфік: з’явілася іскра надзеі на мір у Святой Зямлі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“У апошнія дні пагадненне аб пачатку мірнага працэсу падарыла іскру надзеі ў Святой Зямлі. Заклікаю ўсе зацікаўленыя бакі з адвагай працягваць распачаты шлях у напрамку да справядлівага, трывалага міру, які будзе паважаць законныя памкненні як ізраільскага, так і палесцінскага народаў”, - сказаў Папа.
Пантыфік заўважыў, што “два гады канфлікту пакінулі паўсюль смерць і руіны, асабліва ў сэрцах тых, хто трагічна страціў дзяцей, бацькоў, сяброў, страціў усё”. “Разам з усім Касцёлам я блізкі да вашага бязмернага болю. Сёння асабліва да вас скіравана пяшчота Пана, упэўненасць у тым, што нават у найцямнейшай цемры Ён заўсёды з намі”, - сказаў Леў XIV, нагадаўшы словы Езуса Хрыста, якія сталі назвай яго першай Апостальскай адгартацыі: “Dilexi te – Я палюбіў цябе”.
“Давайце папросім Бога, адзіны Супакою чалавецтва, каб Ён ацаліў усе раны і дапамог сваёй ласкай здзейсніць тое, што цяпер па-чалавечы здаецца немагчымым: зноў адкрыць, што іншы – не вораг, а брат, на якога трэба глядзець з любоўю, дараваць і прапаноўваць надзею на прымірэнне”, - завяршыў свой зварот Папа.
