Пошук

Папа аўгустынкам: ісці да Пана шляхам міласэрнасці і ісціны

15 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане сясцёр-аўгустынак з Мексікі. Манахіні прыбылі ў Рым у рамках юбілейнай пілігрымкі, каб перажыць момант сустрэчы з Панам. І гэтая сустрэча, па словах Пантыфіка, напоўніла іх радасцю.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Каб сустрэць Пана ў жыцці, якое мы так ахвотна прынялі, мы павінны прайсці шлях, як гэта робяць пілігрымы”, – сказаў Леў XIV сёстрам з Кангрэгацыі аўгустынак-рэкалектак. Існуе шмат шляхоў, але ўсе яны зводзяцца да двух: міласэрнасці і ісціны. Гэтымі двума шляхамі ідзём да Пана, служачы, як Марта, у справах міласэрнасці, або спачываючы, як Марыя, ля ног Езуса, каб сузіраць ісціну, – сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў манахінь пачынаць падарожжа з сэрца, таму што “Бог глядзіць не на тое, што ты робіш і колькі, а на тое, наколькі вы ўзрастаеце ў жаданні і любові да Яго, бо хоць і ёсць праўдай тое, што кожны будзе судзімы па сваіх справах, аднак сапраўдная каштоўнасць справы – гэта міласэрнасць сэрца. Святы Айцец нагадаў, што калі не хапае агню любові, наша праца губляе свой сэнс і становіцца цяжарам для душы, наадварот, там, дзе ёсць любоў, няма пакуты.

Напрыканцы сустрэчы Леў XIV заклікаў на яе ўдзельніц матчыну апеку Маці Божай Добрай Рады і заступніцтва святога Тамаша з Вілановы, “каб прайсці гэты шлях дасканаласці з цярпеннем і адважным духам да самага канца”.

15 кастрычніка 2025, 14:34