Папа: дзякую, што дапамагаеце мне падтрымліваць місіянераў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Кожны год, падчас Сусветнага дня місій, увесь Касцёл аб’ядноўваецца ў малітве за місіянераў і за плённасць іх апостальскай працы”, - адзначыў Папа ў відэапасланні, апублікаваным 13 кастрычніка.
“Калі я быў святаром, а потым біскупам-місіянерам у Перу, я на ўласныя вочы бачыў, як вера, малітва і шчодрасць, праяўленыя ў гэты дзень, могуць змяняць цэлыя супольнасці”, - заўважыў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў кожную каталіцкую парафію ў свеце далучыцца да адзначэння Сусветнага дня місій. “Вашы малітвы і дапамога спрыяюць распаўсюджванню Евангелля, падтрымліваюць душпастырскія і катэхетычныя праграмы, дапамагаюць будаваць новыя касцёлы і адказваць на патрэбы ў галіне аховы здароўя і адукацыі нашых братоў і сясцёр у місійных краінах”, - нагадаў ён.
Леў XIV заўважыў, што Сусветны дзень місій з’яўляецца таксама нагодай паразважаць “над нашым хростным пакліканнем быць місіянерамі надзеі сярод народаў” і аднавіць “нашы ласкавыя і радасныя намаганні ў нясенні Езуса Хрыста, нашай Надзеі, аж да краёў зямлі”.
“Дзякуй вам за ўсё, што вы зробіце, каб дапамагчы мне падтрымліваць місіянераў ва ўсіх частках свету. Няхай Бог вас благаславіць”, - сказаў Пантыфік на завяршэнне свайго відэапаслання.
