Папа гвардзейцам: будзьце пасланнем адзінства для Рымскай курыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
3 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі членаў корпуса Папскай швейцарскай гвардыі. Нагодай для сустрэчы стала прысяга новых рэктураў, якая адбудзецца 4 кастрычніка ў Ватыкане.
Пантыфік выказаў сваім гасцям падзяку за самаахвярнае і руплівае служэнне, падкрэсліўшы, што дзякуючы яму Наступнік святога Пятра можа выконваць сваю місію на карысць Касцёла і свету з упэўненасцю ў тым, што яны клапоцяцца пра яго бяспеку.
Папа звярнуў увагу на паходжанне гвардзейцаў з розных рэгіёнаў Швейцарыі, нагадаўшы пра іх пакліканне складаць адзіны корпус і ствараць моцныя, здаровыя повязі сяброўства паміж сабой.
“У адзіночку вы не зможаце рэалізавацца напоўніцу. Вы маеце патрэбу адзін у адным, каб вучыцца, развівацца, служыць у свеце, які ўсё больш схільны да падзелаў і ізаляцыі. Добразычлівасць, сумленнасць, салідарнасць, узаемная павага – гэта стаўпы, на якіх можна будаваць гарманічнае жыццё. Кожны з вас можа быць прыкладам для іншага праз свае словы і паводзіны, сваю любоў і веру. І вы можаце быць пасланнем адзінства для ўсёй Рымскай курыі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Леў XIV нагадаў, што Рым багаты не толькі гісторыяй мастацтва, а перш за ўсё хрысціянскай веры. “Скарыстайцеся гэтым, каб развіваць духоўнае жыццё пасярод штодзённай суеты нашага грамадства і паглыбіць вашы адносіны з Панам”, - пажадаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што служэнне ў Ватыкане дапаможа гвардзейцам у будучыні перажываць жыццёвыя перамены з даверам і шырокім хрысціянскім позіркам. “Выклікаў, на якія павінна адказаць наша пакаленне, шмат. Гаворка ідзе пра экалагічныя пытанні, эканамічныя змены, грамадскую напружанасць, лічбавую рэвалюцыю, штучны інтэлект і іншыя складаныя рэаліі, якія патрабуюць праніклівасці і пачуцця адказнасці. Няхай прабыванне ў Рыме дапаможа вам сталець таксама ў гэтых аспектах сацыяльнага жыцця”, - сказаў Святы Айцец, заклікаўшы гвардзейцаў заставацца вернымі Евангеллю і фундаментальным каштоўнасцям іх хрысціянскага жыцця, а таксама станавіцца місіянерамі надзеі для людзей, якіх сустракаюць.
