Леў XIV аб плане для Газы, вайне, Касцёле ў ЗША і Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вечарам 30 верасня 2025 года ў Кастэль-Гандольфа Леў XIV, перад вяртаннем у Ватыкан, правёў традыцыйную размову з журналістамі.
Каментуючы прадстаўлены прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам мірны план для Газы, зацверджаны прэм’ер-міністрам Ізраіля Беньямінам Нетаньяху, Пантыфік адзначыў, што “пакуль што гэта выглядае як рэалістычная прапанова”. Ён падкрэсліў важнасць спынення агню і вызвалення закладнікаў, дадаўшы, што ў плане “ёсць вельмі цікавыя элементы”. “Спадзяёмся, што ХАМАС прыме яго ва ўстаноўлены тэрмін”, - сказаў Святы Айцец.
Папа пракаментаваў сітуацыю з гуманітарнай флатыліяй і ваяўнічай рыторыкай ЗША
Закранаючы тэму флатыліі, якая накіроўваецца ў Газу з гуманітарнай дапамогай і вакол якой захоўваецца напружанасць, Папа заўважыў, што сітуацыя вельмі складаная. Паводле яго слоў, відавочна “жаданне адказаць на сапраўдную гуманітарную надзвычайную сітуацыю”. Пантыфік выказаў надзею на тое, што ўдасца пазбегнуць насілля і што будзе праяўлена павага да людзей.
Асобную занепакоенасць Льва XIV выклікала інфармацыя пра скліканую міністрам абароны ЗША Пітам Хегсетам сустрэчу з генераламі ў баявой гатоўнасці, уключаючы гатоўнасць да прымянення ядзернай зброі. “Такая форма размовы выклікае трывогу”, - пракаментаваў Папа, бо яна сведчыць пра пастаянны рост напружанасці.
Адносна рашэння прэзідэнта Трампа перайменаваць Міністэрства абароны ў Міністэрства вайны, Леў XIV адзначыў: “Спадзяёмся, што гэта толькі спосаб выказвання”. Безумоўна, гэта паказвае стыль кіравання, які “выкарыстоўвае сілу для аказання ціску”. “Спадзяёмся, што гэта спрацуе, але каб не было вайны; трэба працаваць на карысць міру”, - падкрэсліў ён.
Пантыфік адказаў на пытанні, якія тычацца ўнутраных спраў Ватыкана і Касцёла ў Злучаных Штатах
Адказваючы на просьбу выказаць меркаванне наконт судовага працэсу ў Ватыкане па справе аб распараджэнні фондамі Святога Пасада, Папа не стаў углыбляцца ў дэталі. Ён патлумачыў, што “працэс павінен ісці сваім ходам” і што ён асабіста “не мае намеру ўмешвацца”, пакідаючы суддзям і адвакатам магчымасць давесці справу да канца.
На англійскай мове Папу папрасілі пракаментаваць уручэнне кардыналам Блэйзам Сьюпічам, арцыбіскупам Чыкага, узнагароды сенатару-дэмакрату Дзіку Дурбіну, які мае праабортныя пазіцыі. “Я не вельмі добра інфармаваны пра гэты канкрэтны выпадак. Думаю, вельмі важна глядзець на агульную працу, якую сенатар выконваў на працягу, калі не памыляюся, 40 гадоў службы ў Сенаце Злучаных Штатаў”, - сказаў Леў XIV.
Пантыфік адзначыў, што разумее цяжкасці і напружанасць, але важна “глядзець на шматлікія пытанні, звязаныя з навучаннем Касцёла”. Ён падкрэсліў, што казаць “я супраць абортаў”, але “за смяротнае пакаранне” – гэта не сапраўдная пралайф-стаўленне, гэтаксама як і пагаджацца з “бесчалавечным абыходжаннем з мігрантамі ў Злучаных Штатах”.
“Гэта вельмі складаныя пытанні, - сказаў Папа. - Я не ведаю, ці валодае хтосьці ўсёй праўдай пра іх, але я б папрасіў, перш за ўсё, аб большай узаемнай павазе і сумесным пошуку шляху наперад як для Касцёла, так і для грамадзян. Навучанне Касцёла па кожным з гэтых пытанняў вельмі яснае”.
Каля 20.30 Леў XIV пакінуў Кастэль-Гандольфа, куды ён прыбыў напярэдадні. 1 кастрычніка 2025 года пасля агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане ён вернецца сюды, каб у “Цэнтры Марыяполі” (Centro Mariapoli) Руху Факаляраў сустрэцца з больш чым 400 рэлігійнымі лідарамі на міжнародным мерапрыемстве “Raising Hope for Climate Justice”. У дзесятую гадавіну энцыклікі Папы Францішка “Laudato si’” Леў XIV узначаліць “Святкаванне надзеі” з удзелам экспертаў па клімаце, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і ўстаноў з усяго свету.
