Пошук

Абраз Маці Божай Пампейскай у рымскім “Domus Australia” Абраз Маці Божай Пампейскай у рымскім “Domus Australia”  (@Vatican Media)

Леў XIV: давяраць Богу, як Марыя, нават не ведаючы будучыні

Леў XIV узначаліў Нешпары з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Ружанцовай з Пампеяў і благаславіў яе адноўлены абраз у капліцы “Domus Australia” ў Рыме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Увечары 6 кастрычніка 2025 года Святы Айцец наведаў “Domus Australia”, каб разам з аўстралійскай супольнасцю адзначыць урачыстасць іх апякункі. Пантыфік прызнаўся, што гэтая форма пашаны да Найсвяцейшай Маці займае асаблівае месца ў яго сэрцы. Ён таксама ўзначаліў абрад благаслаўлення адрэстаўраванага абраза Маці Божай Пампейскай.

Пантыфік выказаў надзею на тое, што адноўленая фігура Багародзіцы, падораная будучым святым Бартола Лонга, натхніць на яшчэ большую пашану да Яе сярод жыхароў аўстралійскага дому і пілігрымаў.

Леў XIV падчас Нешпараў у “Domus Australia”
Леў XIV падчас Нешпараў у “Domus Australia”   (ANSA)

У сваім казанні Папа звярнуў увагу, што сустрэча адбываецца ў Юбілейны год, прысвечаны цноце надзеі. Ён падкрэсліў, што Марыя асаблівым чынам увасабляла гэту цноту праз свой давер да Божых абяцанняў. 

"Гэтая надзея, у сваю чаргу, дала ёй сілу і мужнасць, каб ахвотна прысвяціць сваё жыццё Евангеллю і цалкам аддацца Божай волі", - сказаў Пантыфік, дадаючы, што Уцелаўленне спачатку адбылося ў сэрцы Марыі, а потым у Яе ўлонні, што падкрэслівае Яе штодзённую вернасць Богу.

Падчас Нешпараў у “Domus Australia”
Падчас Нешпараў у “Domus Australia”   (@Vatican Media)

Святы Айцец заўважыў, што хоць Марыя дакладна не ведала, як і калі Бог збавіць свой народ, яна жыла ў поўным даверы, верачы, што Ён дзейнічае згодна са сваім планам.

 “Бог ніколі не спазняецца, гэта мы павінны навучыцца давяраць, нават калі гэта патрабуe цярплівасці і настойлівасці. Божы час заўсёды дасканалы”, - падкрэсліў Леў XIV.

Пантыфік патлумачыў, што Божы план здзейсніўся ў місіі Хрыста, Які прыйшоў не проста каб адкупіць нас з няволі граху, але і каб вызваліць нашы сэрцы, каб мы маглі сказаць Богу “так”, як гэта зрабіла Найсвяцейшая Маці. 

Леў XIV прамовіў казанне падчас Нешпараў у “Domus Australia”
Леў XIV прамовіў казанне падчас Нешпараў у “Domus Australia”   (ANSA)

Праз дар хросту мы нараджаемся ў законе ласкі як дзеці Божыя. Цытуючы святога Аўгустына: "Бог стварыў нас без нас, але не збавіць нас без нас", Папа заклікаў вернікаў да супрацоўніцтва з Богам праз жыццё ў ласцы, робячы свой унёсак у план збаўлення.

На заканчэнне гаміліі Леў XIV заахвоціў прысутных, каб, ушаноўваючы Маці Божую Пампейскую, яны ўмацоўваліся Духам Святым у служэнні Пану і Яго Касцёлу і прыносілі шчодры плён, які будзе трываць вечна.

07 кастрычніка 2025, 09:26