Папа медыкам: алгарытм не заменіць жэст блізкасці і слова суцяшэння
Марыя Валодзіна - Vatican News
Раніцай 2 кастрычніка 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане делегацыю Лаціна-ібера-амерыканскай і карыбскай медыцынскай канфедэрацыі (CONFEMEL), якая аб’ядноўвае больш за два мільёны медыкаў.
Святы Айцец падзякаваў гасцям за іх нястомную працу. Успамін святых анёлаў-ахоўнікаў, які адзначаецца ў Касцёле 2 кастрычніка, запрашае задумацца над адносінамі доктара і пацыента, якія павінны грунтавацца на асабістым кантакце і клопаце пра здароўе – падобна да таго, як анёлы клапоцяцца пра нас на жыццёвым шляху.
Пантыфік працытаваў святога Аўгустына аб тым, што Хрыстус – гэта лекар і лекі (Ipse medicus, ipse medicamentum). Ён лекар, таму што Ён – Слова, і лекі, таму што Ён – слова, якое стала целам (пар. Казанне 374, 23). Слова і цела маюць прынцыповае значэнне ў тэрапеўтычным кантэксце. Акрамя інструментаў і медыкаментаў, у лячэнні павінны прысутнічаць жывое чалавечае стаўленне і фізічны кантакт.
З Евангелля мы ведаем, што Езус аздараўляў хворых. У якасці прыклада Святы Айцец прывёў выпадак з пракажоным, які “упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць”. Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: “Хачу, будзь ачышчаны!” І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты” (Мк 1:40-42). Гэта не механічны жэст. Паміж пракажоным і Езусам усталяваліся асабістыя адносіны: той, да каго нельга было дакранацца, знаходзіць ў ласцы Езуса здароўе і збаўленне.
Існуе шмат выдатных медыкаў, якія прысвяцілі жыццё сваім пацыентам, - нагадаў Пантыфік, згадваючы благаслаўлёнага Хасэ Грэгорыа Эрнандэса, якога называлі “доктарам бедных”.
Леў XIV заахвоціў гасцей і надалей разважаць над важнасцю адносін паміж доктарам і пацыентам. Гэта дапамагае праліць святло таксама і на месца штучнага інтэлекту ў медыцыне: ён ніколі не зможа заняць месца доктара, таму што алгарытм ніколі не зможа замяніць жэст блізкасці або слова суцяшэння.
