Пошук

Папа наведаў Дыкастэрыю па інтэгральным развіцці чалавека

9 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV наведаў Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, сядзіба якой знаходзіцца ў Палацы святога Калікста ў рымскім раёне Трастэвэрэ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік падзякаваў супрацоўнікам ведамства за іх служэнне, адказаў на пытанні і благаславіў інсталяцыю “Дрэва чалавечай годнасці”, якая нагадвае пра вытокі Дыкастэрыі – яна ўзнікла ў 2016 годзе шляхам аб’яднання чатырох Папскіх рад, што адказвалі за пытанні справядлівасці і міру, дабрачыннае служэнне, душпастырства мігрантаў і работнікаў сферы аховы здароўя.

“З нагоды візіту ў Дыкастэрыю ў дзень публікацыі адгартацыі “Dilexi te” я выказваю падзяку ўсім вам за тое, што робіце сваю працу сапраўдным выразам місіі Касцёла”, - напісаў у кнізе ганаровых гасцей Леў XIV.

Візіт Святога Айца працягваўся каля дзвюх гадзін. Падчас яго Папа правёў прыватную размову з кіраўніцтвам ведамства і асабіста прывітаў кожнага з прысутных супрацоўнікаў. Пакідаючы сядзібу структуры, Пантыфік прывітаў таксама шматлікіх вернікаў, якія сабраліся ля ўваходнай брамы Палаца святога Калікста.

Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека стала другой Дыкастэрыяй Рымскай курыі, якую наведаў Леў XIV. Праз некалькі тыдняў пасля свайго абрання на Пасад святога Пятра – 20 мая 2025 года – ён здзейсніў візіт у Дыкастэрыю па справах біскупаў, прэфектам якой быў на працягу двух гадоў.
 

10 кастрычніка 2025, 08:27