Пошук

Леў XIV падчас сустрэчы з дзецьмі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Леў XIV падчас сустрэчы з дзецьмі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Папа падрыхтаваў дакумент аб выкліках у сферы адукацыі

У рамках Юбілею свету адукацыі Леў XIV абвесціць святога Джона Генры Ньюмана не толькі Доктарам Касцёла, але таксама і апекуном адукацыйнай місіі Касцёла. Папа выдасць дакумент аб выкліках у адукацыйнай сферы і дапоўніць мэты Глабальнага адукацыйнага саюза.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Юбілей свету адукацыі пройдзе ў Рыме з 27 кастрычніка па 1 лістапада 2025 года. Для ўдзелу ў ім зарэгістраваліся больш за 15 тысяч чалавек. Насычаная праграма падзеі прадугледжвае некалькі важных цэлебрацый і сустрэч з удзелам Святога Айца.

Цэлебрацыі з удзелам Папы

27 кастрычніка Пантыфік узначаліць святую Імшу на адкрыццё Юбілею, якая стане таксама інаўгурацыяй новага акадэмічнага года для папскіх навучальных устаноў у Рыме. 30 кастрычніка ён сустрэнецца са студэнтамі, а 31 кастрычніка – з настаўнікамі, выкладчыкамі і выхавацелямі, пасля чаго ўдзельнікі юбілейнай пілігрымкі разам пройдуць праз Святую Браму Базілікі Святога Пятра. 1 лістапада Папа будзе цэлебраваць святую Імшу на закрыццё Юбілею свету адукацыі, падчас якой урачыста абвесціць святога Джона Генры Ньюмана Доктарам Касцёла.

Новы дакумент аб выкліках у сферы адукацыі

28 лістапада, з нагоды святкавання 60-годдзя дэкларацыі аб хрысціянскім выхаванні “Gravissimum educationis” Другога Ватыканскага Сабору, у Ватыкане будзе абнародаваны адмысловы дакумент Льва XIV, прысвечаны актуальнасці гэтай дэкларацыі і выклікам, якія стаяць перад сферай адукацыі, у прыватнасці перад каталіцкімі школамі і ўніверсітэтамі. У ім Папа абвесціць святога Джона Генры Ньюмана апекуном адукацыйнай місіі Касцёла разам са святым Тамашом Аквінскім.

Дапаўненне мэтаў Глабальнага адукацыйнага саюза

Юбілей свету адукацыі стане нагодай, каб аднавіць намаганні па ўмацаванні Глабальнага адукацыйнага саюза – ініцыятывы Папы Францішка, якая знайшла шырокі водгук у розных частках свету. У святле “rerum novarum” – “новых з’яў” нашага часу Леў XIV дадасць да сямі мэтаў гэтага саюза, вызначаных яго папярэднікам, яшчэ тры: развіццё духоўнага жыцця, гуманізацыю лічбавай сферы і навучанне міру.

Выставы, прэзентацыі і міжнародны кангрэс

Праграма рымскай юбілейнай сустрэчы прадстаўнікоў свету адукацыі ўключае таксама правядзенне некалькіх выстаў, прэзентацый кніг, момантаў супольнай малітвы, а таксама вялікага міжнароднага кангрэса з удзелам 1700 дэлегатаў, у тым ліку лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2023 год, нарвежскага пісьменніка Юна Фосэ.

Сетка каталіцкіх навучальных устаноў з’яўляецца самай вялікай у свеце: яна прысутнічае ў 171 краіне і налічвае каля 231 тысяч школьных і ўніверсітэцкіх устаноў, у якіх атрымліваюць адукацыю амаль 72 мільёны навучэнцаў.
 

23 кастрычніка 2025, 10:16