Папа – рыцарам: ахоўвайце не сцены, а жывы Касцёл
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
23 кастрычніка 2025 года ў межах Юбілейнага года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пілігрымкі Ордэна Святой Магілы Пана ў Іерусаліме.
Звяртаючыся да гасцей, якія прыбылі ў Рым з розных куткоў свету, Пантыфік нагадаў, што ў аснове іх гісторыі ляжыць практыка пілігрымавання. Ён адзначыў, што і сёння яны з пакорай, адданасцю і духам ахвярнасці выконваюць сваю місію: ахоўваюць Святы Гроб, клапоцяцца пра пілігрымаў і падтрымліваюць Касцёл у Іерусаліме.
Святы Айцец падзякаваў чальцам Ордэна за значную дапамогу, якую яны “без шуму і рэкламы” аказваюць супольнасцям Святой Зямлі, падтрымліваючы Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма. Гэта дапамога ахоплівае семінарыю, школы, дабрачынныя праекты, гуманітарныя ініцыятывы і ўніверсітэт, асабліва ў крызісныя моманты, такія як пандэмія і вайна. Гэтым, па словах Папы, яны паказваюць, што іх служэнне – гэта падтрымка жывога Касцёла, які з’яўляецца “сапраўдным знакам пасхальнай надзеі”.
У кантэксце Юбілею надзеі Леў XIV засяродзіўся на трох яе вымярэннях. Першае – гэта “чаканне ў даверы” (attesa fiduciosa). Знаходжанне каля Гробу Пана, паводле яго, умацоўвае веру ў Бога, чыю моц не можа перамагчы ніякая чалавечая сіла. У свеце, дзе пануюць насілле і фанабэрыстасць, рыцары і дамы пакліканы сведчыць, што жыццё перамагае смерць, а любоў – нянавісць.
Другое вымярэнне – “служэнне” (servizio), якое ўвасабляюць жанчыны, што ішлі да магілы, каб намасціць цела Езуса. Папа выказаў падзяку за дабро, якое Ордэн чыніць, адкрываючы “пробліск святла” для людзей і супольнасцей, якія перажываюць драматычныя выпрабаванні.
Трэцяе вымярэнне – гэта “позірк на мэту” (guardare alla meta), сімвалам якога з’яўляюцца Пётр і Ян, што бягуць да пустой магілы. Пантыфік заахвоціў пілігрымаў успрымаць свой візіт у Рым не як канчатковы пункт, а як новы старт на шляху да вечнай еднасці з Богам.
На заканчэнне Леў XIV зноў даверыў Ордэну заданне быць вартаўнікамі Гробу Хрыста “ў даверы чакання, у руплівасці міласэрнасці, у радасным парыве надзеі”.
