Пошук

Папа ватыканскім СМІ: суправаджаць камунікацыю малітвай

Вялікая разнастайнасць моў і кампетэнцый супрацоўнікаў сферы ватыканскай камунікацыі служыць адной мэце – дапамагаць Папу і Святому Пасаду пераказваць свету Добрую Навіну, - падкрэсліў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV прывітаў супрацоўнікаў Дыкастэрыі па камунікацыі, якія ўвечары 11 кастрычніка 2025 года сабраліся на нефармальнай сустрэчы разам са сваімі сем’ямі каля гістарычнай сядзібы Ватыканскага радыё – Палаца Льва XIII у Ватыканскіх садах.

“Я вельмі рады пабыць крыху разам з вамі”, - прызнаўся Пантыфік, дадаўшы: “Сёння я бачу вас у “сямейным фармаце” і радуюся разам з вамі, бо Касцёл — гэта сям’я, сям’я сем’яў».

Папа заўважыў, што супрацоўнікі ватыканскіх СМІ паходзяць з розных краін, размаўляюць на розных мовах і выконваюць розныя заданні. Ён падкрэсліў, што ўся гэтая разнастайнасць служыць адной мэце – дапамагаць Папу і Святому Пасаду пераказваць свету Добрую Навіну.

“Як піша святы Павел у Першым пасланні да Карынцянаў: ёсць розныя дары, але той самы Дух; розныя служэнні, але той самы Пан; розныя дзеянні, але той самы Бог, які дзейнічае ва ўсіх”, - дадаў Леў XIV.

Пантыфік выказаў радасць з таго, што ў межах Дыкастэрыі па камунікацыі будуецца сетка людзей, якія прапануюць свае здольнасці дзеля дабра Касцёла, гатовыя дзяліцца праўдай, дапамагаць бачыць і разумець, заўсёды з любоўю. “Гэта сетка, у якой розныя ролі, але ніводная з іх не з’яўляецца важнейшай за іншую”, - адзначыў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што добра сустракацца не толькі падчас працы, але таксама для супольнага адпачынку і малітвы. “Вельмі важна, каб малітва суправаджала нашу камунікацыю. Я б сказаў, што гэта тое, што стварае розніцу. Свет гэтага, магчыма, не ведае, не разумее, але мы гэта ведаем, і павінны заўсёды імкнуцца рабіць гэта – суправаджаць малітвай нашу штодзённую працу ў камунікацыі”, - падкрэсліў Папа.

Сустрэча з супрацоўнікамі ватыканскіх СМІ
11 кастрычніка 2025, 19:42