Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Папа: вучоба – не самамэта, а сродак узняцця душы да вечнага

Леў XIV заклікаў бачыць у вучобе не проста інтэлектуальную дзейнасць, але шлях да Мудрасці і сустрэчы з Богам. Ён падкрэсліў, што місія Папскага ўніверсітэта “Урбаніянум” павінна быць скіравана на служэнне людзям і распаўсюджванне Евангелля аж да краёў зямлі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV скіраваў пасланне з нагоды адкрыцця новага акадэмічнага года ў Папскім універсітэце Урбаніянум. Урачыстая цырымонія прайшла ўвечары 10 кастрычніка 2022 года з удзелам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна.

Пантыфік працытаваў словы святога Аўгусціна пра тое, што вучоба ніколі не павінна быць самамэтай, але “сродкам узняцця душы да вечнага”. “Гаворка ідзе пра тое, каб не лічыць вучобу толькі інтэлектуальным практыкаваннем, а шляхам, які вядзе да Мудрасці, у якой сустракаюцца шуканая праўда і Бог, які дазваляе сябе знайсці”, - адзначыў Папа ў лісце на імя канцлера ўніверсітэта, кардынала Луіса Антоніа Тагле.

Па словах Святога Айца, місія кожнага ўніверсітэта павінна быць скіравана на служэнне народам, асабліва там, дзе людзі шукаюць словаў надзеі і знакаў міласэрнай любові, сведчання праўды і гарантыі свабоды. Пантыфік заўважыў, што гэта асаблівым чынам датычыць Урбаніянуму, які цесна звязаны з місійнай дзейнасцю Касцёла.

“Ад самага пачатку Папскі ўніверсітэт Урбаніянум, які быў неад’емнай часткай Sacra Congregatio de Propaganda Fide (сёння – Дыкастэрыя па евангелізацыі), паўстаў і жыве дзеля місіі, даручанай Хрыстом свайму Касцёлу: абвяшчэння Евангелля аж да краёў зямлі”, - напісаў ён.

Пантыфік назваў універсітэцкую супольнасць жывым знакам паўсюднасці Касцёла, бо яна складаецца з людзей з усяго свету, якія маюць розныя мовы, культуры і адчувальнасць, але аб’яднаныя адной верай. “Гэта разнастайнасць не падзяляе, а ўзбагачае; не ўносіць блытаніны, а стварае гармонію. Гэта еднасць не стварае ні аднастайнасці, ні палярызацыі, а інтэгруе, бо ў Хрысце ўсе ахрышчаныя становяцца адно. Толькі калі нас прыцягвае Хрыстус, крыніца адзінства, можна будаваць сапраўднае братэрства, якое шчодра адкрываецца на свет, яго раны, выклікі і спадзяванні”, - зазначыў Папа.

Святы Айцец выказаў сваю радасць з прычыны таго, што падчас адкрыцця акадэмічнага года адбылася прэзентацыя матэрыялаў навуковай канферэнцыі, прысвечанай Concilium Sinense – першаму Сіноду Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, які праходзіў у 1924 годзе ў Шанхаі.

“Гэты Сабор стаў важным этапам у гісторыі Касцёла ў Кітаі і выразна сведчыць пра адвагу хрысціянскай супольнасці, здольнай увасабляць сябе ў розных гістарычна-культурных кантэкстах, застаючыся вернай сваёй тоеснасці”, - падкрэсліў Пантыфік.
 

11 кастрычніка 2025, 08:05