Пошук

Леў XIV з ватыканскамі жандарамі Леў XIV з ватыканскамі жандарамі  (@Vatican Media)

Служыць з сілай, любоўю і разважлівасцю, – Папа да жандараў

Леў XIV заклікаў ватыканскіх жандараў быць слугамі Касцёла і сведкамі міру, выконваючы сваю працу ў евангельскім стылі і з чалавечнасцю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас Імшы, прымеркаванай да ўрачыстасці святога Міхала Арханёла, апекуна Корпуса жандармерыі Дзяржавы Ватыкан, Пантыфік падкрэсліў важнасць іх служэння. Эўхарыстыя цэлебравалася ў Ватыканскіх садах перад Гротам Маці Божай з Люрда.

У гаміліі Папа назваў працу жандараў служэннем, якое здзяйсняецца пераважна "за кулісамі", але стварае "бяспеку, парадак і павагу". Ён адзначыў, што гэтае служэнне абараняе "не толькі месцы і людзей", але і адлюстроўвае місію Касцёла. Пантыфік заклікаў выконваць гэтае служэнне “перш за ўсё, праз чалавечнасць".

Служба ватыканскіх жандараў – гэта не проста прафесія, а сведчанне, якое патрабуе евангельскага стылю

Святы Айцец падкрэсліў, што праца жандараў – гэта не толькі прафесія, але і "служэнне на карысць Касцёла", бо іх штодзённая дзейнасць "дае сведчанне Евангелля". "Часта ваша стрыманая і ўпэўненая прысутнасць можа выразіць евангельскі стыль не словамі, а ўважлівым позіркам, клапатлівым жэстам, які абараняе кожнага чалавека вакол вас", - звярнуўся Леў XIV 5 кастрычніка 2025 года.

Падчас імшы ў Ватыканскіх садах з удзелам жандараў
Падчас імшы ў Ватыканскіх садах з удзелам жандараў   (@Vatican Media)

Папа звярнуў увагу на тое, што менавіта сведчанне Езуса надае сэнс усяму, што мы робім, "інакш мы рызыкуем стаць шэрымі, абыякавымі хрысціянамі, без палаючага сэрца да Евангелля". Ён нагадаў словы святога Паўла, што Бог даў нам духа "сілы, любові і разважлівасці", і адзначыў, што гэта таксама цноты ватыканскага жандара.

Тры цноты ватыканскага жандара: сіла, любоў і разважлівасць.

"Вы маеце сілу ад закону, але не для таго, каб панаваць; любоў да малых, але не для таго, каб дагаджаць уладам; разважлівасць у дзеяннях, але не з прычыны страху перад ускладзенай на вас адказнасцю", - патлумачыў Святы Айцец.

Падчас Імшы ў Ватыканскіх садах перад Гротам Маці Божай з Люрда
Падчас Імшы ў Ватыканскіх садах перад Гротам Маці Божай з Люрда   (ANSA)

Гэтую праграму Леў XIV даручыў асабліва маладым жандарам, якія нядаўна прынеслі прысягу – акт "свабоды і самаадданасці". Пантыфік падзякаваў ім за мужнасць і гатоўнасць, выказаныя "ў верным служэнні Святому Пасаду".

На заканчэнне Пантыфік выказаў падзяку сем'ям жандараў, без якіх, паводле яго слоў, "служба была б менш трывалай". Ён даручыў усіх апецы Панны Марыі, "узору веры і самаадданасці", і святога Міхала Арханёла, які змагаецца са злом у імя Бога.
 

06 кастрычніка 2025, 09:40