Пошук

Ваенны рэпарцёр у Газе Ваенны рэпарцёр у Газе  (AFP or licensors)

Пантыфік зноў заклікаў да вызвалення зняволеных журналістаў

Свабодная інфармацыя — гэта апора, якая падтрымлівае падмурак нашых грамадстваў, таму мы пакліканы абараняць і гарантаваць яе, - нагадаў Папа падчас аўдыенцыі для журналістаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

9 кастрычніка 2025 года Пантыфік сустрэўся з удзельнікамі 39-й канферэнцыі асацыяцыі “MINDS International”, прысвечанай ролі журналістыкі ў сучасным свеце. У сваёй прамове ён назваў парадоксам той факт, што ў эпоху камунікацыі інфармацыйныя агенцтвы перажываюць перыяд крызісу. Спажыўцы інфармацыі таксама знаходзяцца ў крызісе, часта прымаючы хлусню за праўду, сапраўднае за штучнае. Тым не менш, сёння ніхто не павінен мець магчымасці сказаць: “Я не ведаў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Інфармацыя – гэта грамадскае дабро, якое мы ўсе павінны абараняць”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў журналістаў і грамадства аб’яднацца дзеля абароны этычных стандартаў і грамадзянскай адказнасці. Грамадства павінна шанаваць і падтрымліваць журналістаў і інфармацыйныя агенцтвы, якія дэманструюць сур'ёзнасць і сапраўдную свабоду ў сваёй працы.

Леў XIV нагадаў пра рэпарцёраў, якія рызыкуюць жыццём дзеля таго, каб людзі маглі ведаць, што адбываецца ў свеце. “Мы не павінны забываць пра іх! Калі сёння мы ведаем аб тым, што адбываецца ў Газе, ва Украіне і на ўсіх іншых землях, скрываўленых бомбамі, мы ў значнай ступені абавязаны гэтым ім”, - падкрэсліў ён.

“Быць журналістам ніколі не можа лічыцца злачынствам, але правам, якое трэба абараняць”, - адзначыў Леў XIV.

Папа нагадаў пра сваю першую сустрэчу з журналістамі з усяго свету, якая адбылася адразу пасля канклаву, падчас якой ён заклікаў да вызвалення журналістаў, несправядліва зняволеных за імкненне расказаць праўду. “Сёння я зноў паўтараю гэтае патрабаванне”, - заявіў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што журналісты інфармацыйных агенцтваў маюць асаблівую місію – быць першымі на месцы падзей і першымі паведамляць пра іх. Гэта асабліва важна ў сучасную эпоху пастаяннай анлайн-камунікацыі і ўсёабдымнай лічбавізацыі медыя. Праца журналістаў патрабуе хуткасці і вытрымкі нават у складаных і драматычных умовах. Менавіта таму служэнне журналістаў каштоўная і павінна стаць супрацьяддзем супраць распаўсюджвання “смеццевай” інфармацыі і грунтавацца на кампетэнтнасці, мужнасці і высокіх этычных прынцыпах.

"Мы не прызначаныя лёсам жыць у свеце, дзе праўду немагчыма адрозніць ад выдумкі."

Папа звярнуў увагу і на выклікі штучнага інтэлекту, калі алгартмы ствараюць кантэнт і даныя ў такім памеры і з такой хуткасцю, якіх ніколі раней не было. “Але хто ім кіруе і з якімі мэтамі?” – спытаў ён, заклікаючы сачыць за тым, каб тэхналогіі не замянялі чалавека, і каб інфармацыя і алгарытмы не апынуліся ў руках нямногіх.

Напрыканцы прамовы Леў XIV нагадаў папярэджанне Ганны Арэндт пра небяспеку свету, у якім людзі больш не бачаць розніцы паміж рэальнасцю і выдумкай, паміж праўдай і хлуснёй. Ён заклікаў журналістаў заставацца вартаўнікамі праўды і ніколі не прадаваць сваю аўтарытэтнасць.

09 кастрычніка 2025, 11:13