Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота

Пантыфік: адукацыя павінна весці да паўнаты чалавечнасці

Каталіцкія ўніверсітэты пакліканы весці розум людзей да Бога, спрыяць цэласнаму развіццю чалавека, фармаваць крытычнае мысленне, веруючыя сэрцы, адказнасць за агульнае дабро, а таксама кампетэнтнасць і прафесіяналізм.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

31 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане Леў XIV прыняў дэлегацыю Арганізацыі каталіцкіх універсітэтаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, члены якой прыбылі ў Рым з нагоды Юбілею свету адукацыі.

Пантыфік заўважыў, што арганізацыя, якую прадстаўляюць пілігрымы, налічвае каля ста навучальных устаноў і мае на мэце развіццё вышэйшай каталіцкай адукацыі і служэнне грамадству праз стварэнне месцаў сустрэчы паміж верай і культурай дзеля абвяшчэння Евангелля ва ўніверсітэцкім асяроддзі.

Аўдыенцыя для членаў Арганізацыі каталіцкіх універсітэтаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна
Аўдыенцыя для членаў Арганізацыі каталіцкіх універсітэтаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна   (@Vatican Media)

Святы Айцец нагадаў, што каталіцкія ўніверсітэты пакліканы быць цэнтрамі крэатыўнасці і выпраменьвання ведаў дзеля дабра ўсяго чалавецтва, дзе “сумесныя намаганні розуму і веры дазваляюць людзям дасягнуць паўнаты іх чалавечнасці”.

“Сёння каталіцкія ўніверсітэты, як сцвярджаў Папа Францішак, працягваюць быць аднымі з найлепшых інструментаў, якія Касцёл дае нашай эпосе, і выразам той любові, якая натхняе кожнае дзеянне Касцёла – гэта значыць любові Бога да чалавека”, - дадаў Леў XIV.

Аўдыенцыя для членаў Арганізацыі каталіцкіх універсітэтаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна
Аўдыенцыя для членаў Арганізацыі каталіцкіх універсітэтаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна   (@Vatican Media)

Папа нагадаў пра ўклад Каталіцкага Касцёла ў развіццё адукацыі ў Лацінскай Амерыцы, заўважыўшы, што першыя ўніверсітэты ў гэтай частцы свету былі заснаваны “па ініцыятыве біскупаў, законнікаў і місіянераў, перакананых, што абвяшчэнне Езуса Хрыста, “Дарогі, Праўды і Жыцця”, з’яўляецца неад’емнай часткай збаўчага хрысціянскага паслання”.

Святы Айцец падкрэсліў, што каталіцкія ўніверсітэты пакліканы весці розум людзей да Бога, спрыяць цэласнаму развіццю чалавека, фармаваць крытычнае мысленне, веруючыя сэрцы, адказнасць за агульнае дабро, а таксама кампетэнтнасць і прафесіяналізм.
 

31 кастрычніка 2025, 09:54