Апостальскі ліст Льва XIV: адукацыя нясе надзею, якой патрабуе свет
Аляксандр Панчанка – Vatican News
28 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане быў апублікаваны першы Апостальскі ліст Папы Льва XIV пад назвай “Disegnare nuove mappe di speranza” (Намаляваць новыя карты надзеі), які выйшаў з нагоды 60-годдзя дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора “Gravissimus educationis” – дакумента 1965 года, прысвечанага важнасці і актуальнасці выхавання ў жыцці чалавека.
Адукацыя нясе надзею свету
Пантыфік заклікаў усвядоміць адукацыйную дзейнасць Касцёла як спосаб евангелізацыі і перадачы надзеі ў сучасным свеце, “пазначаным драматычнымі сітуацыямі адукацыйных крызісаў, што выкліканы войнамі, міграцыямі, няроўнасцю і рознымі формамі беднасці”. Святы Айцец падкрэсліў, што выхаванне “з’яўляецца адной з найвышэйшых праяў хрысціянскай любові”, а “свет мае патрэбу ў гэтай форме надзеі”.
Гісторыя каталіцкай педагогікі – гісторыя служэння
Святы Айцец падкрэсліў, што гісторыя каталіцкай адукацыі – гэта “гісторыя Духа ў дзеянні”. Яна на працягу стагоддзяў дапамагала людзям узрастаць у свабодзе і веры і павінна рабіць гэта сёння. “Адукацыйныя харызматы – гэта не закамянелыя формулы, а жывыя адказы на патрэбы кожнага часу”, - падкрэсліў Папа, нагадваючы, што гісторыя каталіцкай педагогікі – ад мудрых прыпавесцяў пустэльнікаў і навучання Айцоў Касцёла да заснавання першых універсітэтаў і дзейнасці езуітаў, піяраў і салезіянаў – гэта канкрэтная гісторыя служэння, асабліва самым бедным.
Выхаванне – сумеснае праца
Пантыфік заўважыў, што каталіцкая адукацыя заўсёды была супольнай дзейнасцю, у якой выкладчыкі, студэнты, сем’і, адміністрацыя, духавенства і грамадзянская супольнасць разам стваралі жыццё. Спалаючыся на вучэнне святога Джона Генры Ньюмана, абвешчанага апекуном адукацыйнай дзейнасці Касцёла, разам са святым Тамашом Аквінскім, Папа пажадаў, каб адукацыя была не толькі “інтэлектуальна адказнай”, але таксама глыбока чалавечнай, эмпатычнай і адкрытай. “Каталіцкі ўніверсітэт і школа – гэта месцы, дзе пытанні не замоўчваюцца, а тыя, хто мае сумневы, не асуджаюцца, а суправаджаюцца”, - падкрэсліў ён.
Прынцыпы каталіцкай адукацыі – непахісныя зоркі
Папа пажадаў, каб цэласнае бачанне чалавека заставалася асновай каталіцкай адукацыі: яна павінна ахопліваць усе вымярэнні чалавечай асобы – духоўнае, інтэлектуальнае, эмацыйнае, грамадскае і цялеснае.
Святы Айцец падкрэсліў, што прынцыпы каталіцкай адукацыі не з’яўляюцца ўспамінамі з мінулага. “Яны – непахісныя зоркі. Яны вучаць, што праўду трэба шукаць разам; што свабода – не капрыз, а адказ; што ўлада – не панаванне, а служэнне”, - напісаў ён, падкрэсліваючы, што “каталіцкая адукацыя мае заданне аднавіць давер у свеце, пазначаным канфліктамі і страхамі, нагадваючы, што мы з’яўляемся дзецьмі, а не сіротамі: ад усведамлення гэтага нараджаецца братэрства”.
Фармаваць грамадзян, здольны служыць, і вернікаў, здольных сведчыць
Паводле Льва XIV, каталіцкая адукацыя павінна дапамагаць пазнаваць сэнс жыцця, непарушную годнасць і адказнасць у адносінах да іншых. Яна павінна не толькі перадаваць веды, але і фармаваць грамадзян, здольных служыць, і вернікаў, здольных даваць сведчанне, свабодных мужчын і жанчын, якія не з’яўляюцца адзіночкамі.
У каталіцкай школе, па словах Папы, пакліканы ўмаемадзейнічаць вера, культура і жыццё. “Яна павінна быць не проста ўстановай, а жывым асяроддзем, у якім хрысціянскае бачанне пранікае ў кожную дысцыпліну і кожнае ўзаемадзеянне”, - сцвердзіў Пантыфік, дадаючы, што “настаўнікі такіх навучальных устаноў пакліканы даваць сведчанне, якое настолькі ж важнае, як і іх урокі. Таму вельмі важнай з’яўляецца фармацыя выхавацеляў – навуковая, педагагічная, культурная і духоўная”, - напісаў ён.
Сям'я – першае месца выхавання
Святы Айцец нагадаў, што першым месцам выхавання павінна заставацца сям’я: іншыя ўстановы пакліканы дапамагаць ёй, але ніколі не замяняць. Папа заклікаў таксама да шырокага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння паміж каталіцкімі навучальнымі ўстановамі, падкрэсліваючы, што адрозненні ў метадах і падыходах павінны разглядацца як багацце, а не перашкоды. “Будучыня патрабуе ўзрастання ў супрацоўніцтве і адзінстве мэты”, - напісаў ён.
Увага да сацыяльнага вымярэння і новых тэхналогій
Паводле Льва XIV, цэласны падыход і ўвага да веры дапамогуць каталіцкай адукацыі станавіцца закваскай у чалавечай супольнасці, спрыяючы ўзаемадзеянню, пераадоленню падзелаў і адкрываючы шлях да сацыяльнай адказнасці. Па словах Папы, каталіцкае выхаванне павінна аб’ядноўваць сацыяльную і экалагічную справядлівасць, прасоўваць стрыманасць і ўстойлівыя стылі жыцця, фарміраваць сумленні, здольныя выбіраць не толькі выгаднае, але і справядлівае.
Пантыфік заахвоціў засвойваць лічбавыя прасторы, падкрэсліваючы важнасць душпастырскай крэатыўнасці, умацавання падрыхтоўкі выкладчыкаў і пазбаўлення ад тэхнафобіі. “Наша стаўленне да тэхналогій не можа быць варожым, бо тэхналагічны прагрэс – частка Божай задумы стварэння”, - напісаў Леў XIV, падкрэсліўшы, што ў цэнтры ўвагі павінна быць адказнае і этычнае карыстанне новымі тэхналогіямі, накіраванае на абарону годнасці, справядлівасці і працы.
Тры новыя прынцыпы Глабальнага адукацыйнага саюза
Святы Айцец заахвоціў да ўмацавання Глабальнага адукацыйнага саюза, звяртаючы асаблівую ўвагу на тры новыя прынцыпы: развіццё духоўнага жыцця, адпаведнага імкненню моладзі да глыбіні; фарміраванне гуманнай лічбавай культуры, якая ставіць чалавека вышэй за алгарытм; і навучанне новых пакаленняў шляхам міру, дыялогу і прымірэння.
Паказваць шлях да праўды, справядлівасці і братэрства
Напрыканцы паслання Папа заклікаў педагогаў карыстацца мовай лагоднасці, захоўваць адкрытае і разважлівае сэрца, а таксама з мудрасцю і шчодрасцю супрацьстаяць сучасным выклікам і спрыяць большай інклюзіўнасці, памятаючы пра самых бедных. “Менш ярлыкоў, больш гісторый; менш бясплодных супраціваў, больш сімфоніі ў Духу”, - заахоціў Леў XIV, дадаючы, што “тады наша сузор’е будзе не толькі ззяць, але і паказваць шлях: да праўды, якая вызваляе, да братэрства, якое ўмацоўвае справядлівасць, да надзеі, якая не падводзіць”.
