Пантыфік прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Венгрыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, пасля папскай аўдыенцыі палітык сустрэўся з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Падчас сардэчнай размовы ў Дзяржаўным сакратарыяце быў падкрэслены трывалы характар двухбаковых адносін і выказана ўдзячнасць за дзейнасць Каталіцкага Касцёла, скіраваную на сацыяльнае развіццё і дабрабыт венгерскага грамадства. Асабліва падкрэслівалася ўвага да ролі сям’і, адукацыі і будучыні моладзі, а таксама важнасць абароны найбольш уразлівых хрысціянскіх супольнасцяў.
Значная частка сустрэчы была прысвечана абмеркаванню еўрапейскіх пытанняў, асабліва канфлікту ва Украіне, а таксама сітуацыі на Блізкім Усходзе.
