Пошук

Скульптура святых Луі і Зэлі Мартэн Скульптура святых Луі і Зэлі Мартэн   (Caroline Dreier)

Папа: святыя Луі і Зэлі Мартэн – узор для сучасных пар

У наш неспакойны і блытаны час, калі моладзі прапануюцца негатыўныя мадэлі саюзаў, святыя Луі і Зэлі Мартэн служаць яркім і захапляльным узорам святасці ў сямейным жыцці, - падкрэсліў Папа.

Марыя Валодзіна - Vatican News

1 кастрычніка 2025 года Леў XIV скіраваў пасланне да біскупа Бруна Фэйе і вернікаў дыяцэзіі Сеэз (Францыя) з нагоды дзесяцігоддзя кананізацыі святых Луі і Зэлі Мартэн – бацькоў святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. Гэтая кананізацыя мае асаблівае значэнне, паколькі падкрэслівае, што шлюб можа стаць шляхам да святасці. Такім чынам, святая пара Мартэн – першая сужэнская пара, кананізаваная разам, – служыць яркім і захапляльным узорам святасці ў сямейным жыцці, - нагадаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што жыццё святых Луі і Зэлі, знешне простае і звычайнае, было напоўнена глыбокай прысутнасцю Бога. Іх дэвіз “Бог на першым месцы” стаў асновай, на якой яны пабудавалі ўсё сваё існаванне.

Гэтая ўзорная пара сведчыць аб невымоўным шчасці, якое Бог дае ўжо тут, на зямлі, і ў вечнасці, тым, хто ідзе шляхам вернасці і ўвагі да іншага, дабрачыннасці і хрысціянскага выхавання дзяцей. Сёння, калі моладзь бачыць мноства негатыўных мадэляў саюзаў, часта мімалётных, індывідуалістычных і эгаістычных, якія прыносяць горкія плёны і расчараванне, традыцыйная сям'я можа здацца састарэлай і сумнай. Луі і Зэлі Мартэн сведчаць, што гэта не так: яны былі шчаслівыя – глыбока шчаслівыя! – дарыць жыццё, выпраменьваць і перадаваць веру, бачыць, як растуць і квітнеюць іх дзеці пад позіркам Пана, - напісаў Леў XIV.

Святы Айцец заклікаў сучасных бацькоў браць прыклад з гэтай святой пары, паставіць Езуса ў цэнтр сям'і, перадаць дзецям Яго бязмежную любоў і пяшчоту. Калі б святая Тэрэза з самага ранняга ўзросту не бачыла прыкладу любові да Бога сваіх бацькоў, яна б не змагла так моцна любіць Езуса і Марыю, а затым перадаць нам сваё вучэнне веры, любові і святасці, - напісаў Папа.

18 кастрычніка 2025, 16:34