Пошук

Леў XIV да ромаў: годнасць працы і малітвы бурыць муры недаверу

Рухацца наперад з годнасцю сям’і, працы і малітвы заахвоціў Святы Айцец цыганскія супольнасці з ўсяго свету, якія сабраліся ў Рыме на Юбілей ромаў, сінці і вандроўнікаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

18 кастрычніка 2025 года ў ватыканскай Зале Паўла VI адбылася сустрэча пілігрымаў гэтых супольнасцей з Львом XIV. У сваёй прамове Папа адзначыў, што іх прысутнасць нагадвае аб тым, што “надзея вандруе” і падзякаваў за іх дар моцнай веры і непахіснай надзеі на Бога, нягледзячы на цяжкасці жыцця на ўскраінах грамадства.

Леў XIV нагадаў гасцям, што прайшло шэсцьдзесят гадоў з часу гістарычнай сустрэчы Папы Паўла VI з іх супольнасцямі ў 1965 годзе. Сведкай той падзеі сёння з'яўляецца фігура Маці Божай, якую Пантыфік каранаваў як Каралеву ромаў, сінці і вандроўнікаў. З таго часу Касцёл з асаблівай любоўю і клопатам суправаджае гэтых людзей, якія з’яўляюцца “улюбёнай часткай паломніцкага народа Божага”

Пантыфік заклікаў гасцей давяраць толькі Богу, не прывязвацца да зямных багаццяў і праяўляць узорную веру праз словы і ўчынкі.

Папа асудзіў мадэль грамадства, якая стала прычынай сацыяльнай несправядлівасці ва ўсім свеце, велізарнай эканамічнай няроўнасці паміж людзьмі і народамі, беспрэцэдэнтных фінансавых крызісаў, экалагічных катастроф і войнаў. Ён нагадаў, што Касцёл заўсёды салідарны з беднымі і ўразлівымі. “Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла” (Мц 21:42), - нагадаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што каштоўнасці, якія бедныя нясуць з вялікай годнасцю і гонарам, могуць дапамагчы змяніць курс.

Папа заахвоціў гасцей рухацца наперад з годнасцю працы і годнасцю малітвы. Ён нагадаў, што ромы, сінці і вандроўнікі маюць сваю місію ў Касцёле – быць актыўнымі ўдзельнікамі евангелізацыі, дзяліцца сваёй культурай і верай, стаць галоўнымі героямі перамен у свеце, ідучы разам з людзьмі добрай волі.

Леў XIV таксама звярнуўся да душпастыраў з заклікам развіваць адукацыйныя і прафесійныя праграмы, падтрымліваць сем’і і супольнасці, ужываць мову і культуру ромаў, сінці і вандроўнікаў у літургіі і катэхезацыі, спрыяць экуменічнаму дыялогу. Ён пажадаў, каб кожная дыяцэзія надавала належную душпастырскую ўвагу гэтым супольнасцям, каб спрыяць іх інтэгральнаму развіццю.

У завяршэнні Папа благаславіў прысутных і пажадаў, каб юбілейная пілігрымка ўмацавала іх у веры, надзеі і мужнасці ісці па шляху Евангелля пад апекай Панны Марыі.

18 кастрычніка 2025, 14:01