Пошук

Леў XIV прывітаў удзельнікаў плавання на парусніку “Bel Espoir”

17 кастрычніка 2025 года Папа наведаў Осцію, каб прывітаць маладых удзельнікаў плавання па Міжземным моры. Карабель міру “Bel Espoir” прышвартаваўся ў порце прыморскага горада пасля васьмімесячнага падарожжа, прысвечанага мірабудаўніцтву.

Марыя Валодзіна - Vatican News

За гэты час каля 200 маладых удзельнікаў плавання наведалі 30 партовых гарадоў Міжземнамор’я. Унікальны праект даў магчымасць моладзі розных нацыянальнасцяў, культур і рэлігій пазнаёміцца, абмяняцца думкамі і пасупрацоўнічаць. Такі досвед дае выдатнае ўяўленне пра радасці і цяжкасці пабудовы адносін з людзьмі рознага паходжання і працы дзеля агульнай мэты, - падкрэсліў Святы Айцец у сваім звароце.

Праца дзеля міру патрабуе сталасці і бескарыслівасці, разумення патрэбаў іншых і сумеснага пошуку рашэнняў. Езус вучыць нас, што для дасягнення міру неабходнае прабачэнне: бо толькі праз яго мы можам атрымаць дар міру, а потым падзяліцца ім з іншымі, - нагадаў Папа.

Святы Айцец заклікаў моладзь памятаць урокі, якія яны атрымалі падчас плавання, і спрыяць дыялогу, агульным мэтам і радасці сустрэчы з рознымі людзьмі. Ён даручыў удзельнікаў праекта заступніцтву Марыі, Маці Касцёла, і шчыра благаславіў кожнага з іх.

17 кастрычніка 2025, 18:07