Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

У Дзень задушны Леў XIV наведае рымскія могілкі Верана

Ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, які будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле ў нядзелю, 2 лістапада, Леў XIV узначаліць святую Імшу на рымскіх манументальных могілках “Кампа Верана”.

Святы Айцец правядзе эўхарыстычную цэлебрацыю пры ўваходзе на могілкі. Літургія распачнецца ў 16.00 па рымскім часе. Перад гэтым, апоўдні, Пантыфік узначаліць традыцыйную нядзельную малітву “Анёл Панскі” разам з вернікамі на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

На наступны дзень, 3 лістапада, Леў XIV будзе цэлебраваць святую Імшу ў ватыканскай базіліцы, падчас якой памоліцца за свайго папярэдніка, спачылага Папу Францішка, а таксама за кардыналаў і біскупаў, якія адышлі ў вечнасць цягам года.

Могілкі “Кампа Верана” ў Рыме – адзін з найважнейшых некропаляў у Італіі. Заснаваныя ў пачатку XIX стагоддзя каля базылікі святога Лаўрэнція па-за мурамі, яны вядомыя сваімі манументальнымі капліцамі і скульптурамі. Тут спачываюць многія вядомыя італьянцы – пісьменнікі, музыканты, палітыкі. Многія Папы на працягу ХХ стагоддзя памаліліся на гэтых могілках з нагоды ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў.
 

31 кастрычніка 2025, 08:20