Прэзідэнт Гватэмалы здзейсніў візіт у Ватыкан

11 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы ў Ватыкане Прэзідэнта Рэспублікі Гватэмала Бернарда Арэвала дэ Леона.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Палітык сустрэўся таксама з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Падчас сардэчных перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце было падкрэслена ўзаемнае прызнанне добрых адносін паміж Гватэмалай і Апостальскай Сталіцай, а таксама жаданне яшчэ больш іх умацаваць.

Асобная ўвага была нададзена пытанням, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, такім як сацыяльна-эканамічнае развіццё, барацьба з беднасцю, карупцыяй, наркатрафікам і злачыннасцю, а таксама супрацоўніцтва з мясцовым Касцёлам дзеля сацыяльнай згуртаванасці і дабра краіны.

Бакі абмеркавалі таксама шэраг пытанняў рэгіянальнага і міжнароднага сацыяльна-палітычнага характару, асаблівую ўвагу звярнуўшы на праблему міграцыі і канфліктаў, якія працягваюцца.
 

11 кастрычніка 2025, 13:19