Пошук

Папа Леў XIV і прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла Папа Леў XIV і прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла  (ANSA)

Візіт у Квірынальскі палац: Папа сустрэнецца з прэзідэнтам Італіі

14 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV здзейсніць афіцыйны візіт да прэзідэнта Італіі Серджа Матарэлы, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча адбудзецца ў рэзідэнцыі кіраўніка італьянскай дзяржавы – у Квірынальскім палацы ў Рыме. Яна стане адказам на візіт Серджа Матарэлы ў Ватыкан, які адбыўся 6 чэрвеня.

Пантыфік і прэзідэнт Італіі сустракаліся таксама 18 мая – пасля святой Імшы з нагоды пачатку служэння новага Біскупа Рыма, якую Леў XIV цэлебраваў на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. Тады Серджа Матарэла накіраваў Папу віншаванні, запэўніўшы яго ў гатоўнасці Італьянскай Рэспублікі спрыяць пабудове свету, заснаванага на міры, павазе да чалавечай годнасці, свабоды і правоў чалавека.

Апошнім Пантыфікам, які наведаў Квірынальскі палац, быў Францішак. Яго візіт адбыўся 10 чэрвеня 2017 года, пасля таго як Серджа Матарэла быў абраны прэзідэнтам на другі тэрмін.

З XIV стагоддзя Квірынальскі палац быў рэзідэнцыяй Папаў. Пасля аб’яднання Італіі ён перайшоў у распараджэнне італьянскіх каралёў, а пасля скасавання манархіі ў 1946 годзе стаў рэзідэнцыяй прэзідэнта Італіі. Першым Пантыфікам, які наведаў гэта месца пасля падпісання Латэранскіх пагадненняў, быў Пій XII. Яго візіт адбыўся ў 1939 годзе ў адказ на візіт італьянскага караля Віктара Эмануэля III у Ватыкан.
 

11 кастрычніка 2025, 12:41