Пошук

Святы Айцец: мір немагчымы без свабоды веравызнання

Свабода веравызнання – краевугольны камень любога справядлівага грамадства, - сцвердзіў Леў XIV у прамове да прадстаўнікоў Папскага фонду “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”, якіх 10 кастрычніка 2025 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сёння, калі свет ахоплены варожасцю і насіллем супраць тых, хто прытрымліваецца іншых перакананняў, у тым ліку хрысціян, місія дабрачынцаў – сведчыць, што сям'я ў Хрысце не пакідае сваіх братоў і сясцёр, якія церпяць за веру. “Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены” (1 Кар 12:26) – гэтыя словы святога Паўла моцна адгукаюцца ў нашых сэрцах сёння, - сказаў Пантыфік.

Кожны чалавек нясе ў сэрцы глыбокае прагненне праўды, сэнсу і еднасці з іншымі людзьмі і Богам. Таму свабода веравызнання – абавязковае, істотнае права. Свабода веравызнання дазваляе людзям і супольнасцям шукаць праўду, свабодна жыць ёю і адкрыта сведчыць пра яе. Яна з’яўляецца краевугольным каменем любога справядлівага грамадства, бо абараняе маральную прастору, у якой фармуецца сумленне, - сцвердзіў Святы Айцец.

Калі ж гэтая свабода парушаецца, чалавек пазбаўляецца здольнасці свабодна адказваць на заклік праўды, разбураюцца этычныя і духоўныя сувязі паміж людзьмі, а давер і дыялог саступаюць месца страху, падазронасці і гвалту. “Мір немагчымы там, дзе няма рэлігійнай свабоды, свабоды думкі і слова, дзе не паважаецца іншае меркаванне”, - працытаваў свайго папярэдніка Леў XIV. (Urbi et Orbi, 20 красавіка 2025 года)

Касцёл заўсёды адстойваў рэлігійную свабоду ўсіх людзей. Другі Ватыканскі сабор у “Dignitatis Humanae” абвясціў, што гэтае права павінна быць прызнана ў прававым і інстытуцыйным жыцці кожнай дзяржавы. Менавіта з гэтага пераканання ў 1947 годзе і паўстала арганізацыя “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”, каб спрыяць прабачэнню і прымірэнню, і быць голасам Касцёла ўсюды, дзе ён пад пагрозай.

Даклад “Свабода веравызнання ў свеце” (Religious Freedom in the World) ужо больш за дваццаць пяць гадоў служыць голасам тых, хто пакутуе. Акрамя таго, фонд падтрымлівае Касцёл і супольнасці па ўсім свеце, адбудоўвае святыні, дапамагае законнікам і законніцам, стварае радыёстанцыі, забяспечвае транспартныя сродкі. Дапамагла арганізацыя і многім місіям у Перу, у тым ліку і ў дыяцэзіі Чыклаё, дзе служыў біскуп Прэвост. Нават у краінах, дзе хрысціяне складаюць меншасць, такіх як Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Буркіна-Фасо і Мазамбік, дапамога дабрачыннай арганізацыі дазваляе Касцёлу стаць “міратворцам” (Мц 5:9) і жывым знакам сацыяльнай гармоніі і братэрства для суседніх народаў.

Напрыканцы сустрэчы Папа падзякаваў гасцям за служэнне, заклікаў не стамляцца “рабіць дабро” (Гал 6:9) і з глыбокай любоўю благаславіў іх у імя Пана Езуса Хрыста.

10 кастрычніка 2025, 10:34