Першае падарожжа Льва XIV: Папа адправіўся ў Турцыю
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Самалёт “Airbus 320” італьянскай авіякампаніі “ITA Airways” з Пантыфікам на борце, якога суправаджаюць журналісты найбуйнейшых сусветных выданняў, прызямліцца ў сталіцы Турцыі каля 12.30 па мясцовым часе.
Палёт працягнецца каля дзвюх з паловай гадзін. За гэты час авіялайнер пераадолее каля 1930 кіламетраў у паветранай прасторы сямі краін: Італіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Сербіі, Балгарыі і Турцыі.
Пад апекай Багародзіцы
Папа адправіўся ў сваю першую замежную пілігрымку пад апекай Панны Марыі: на борце самалёта была размешчана выява старажытнага абраза Маці Добрай Рады з санктуарыя Джэнацана, які знаходзіцца недалёка ад Рыма. Гэтым месцам з 1200 года апякуюцца манахі Ордэна святога Аўгустына, да якога належыць Пантыфік. Леў XIV наведаў яго 10 мая 2025 года – праз два дні пасля свайго абрання Біскупам Рыма.
Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост
Папскае падарожжа ў Турцыю пройдзе з 27 па 30 лістапада 2025 года. Яго дэвіз – “Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост” (Эф 4,5). Візіт прымеркаваны да 1700-годдзя Нікейскага Сабора – першай вялікай экуменічнай падзеі ў гісторыі хрысціянства. Яго кульмінацыйным момантам стане наведванне горада Ізнік, старажытнай Нікеі, дзе каля месца археалагічных раскопак старажытнай базілікі святога Неафіта Пантыфік прыме ўдзел у экуменічнай малітоўнай сустрэчы з Патрыярхам Барталамеем І, прадстаяцелямі і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх Цэркваў.
Шчаслівыя міратворцы
Візіт Льва XIV у Ліван адбудзецца з 30 лістапада па 2 снежня 2025 года пад дэвізам: “Шчаслівыя міратворцы” (Мц 5,10). Папа сустрэнецца з уладамі, духавенствам, вернікамі і моладдзю гэтай блізкаўсходняй краіны, наведае мясцовы марыйны санктуарый у Харысе, каталіцкі шпіталь, а таксама памоліцца на месцы выбуху ў порце Бейрута. Завершыцца падарожжа святой Імшой на набярэжнай “Beirut Waterfront”.
