Пошук

Святы Айцец прыбыў у Ліван

Распачаўся другі этап апостальскага падарожжа: Льва XIV цёпла сустрэлі ў Бейруце.

Марыя Валодзіна - Vatican News

30 лістапада 2025 года ў 15:34 самалёт з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Бейрута, які носіць імя былога прэм’ер-міністра Рафіка Харыры, забітага ў выніку тэракту 14 лютага 2005 года.

Візіт Папы мае асаблівае значэнне для Лівана ў перыяд палітычных і эканамічных выпрабаванняў. Калі ў Турцыі цэнтрам увагі быў міжрэлігійны дыялог, то ў Бейруце галоўная тэма – мір. Дэвіз апостальскага падарожжа ў гэтую краіну – “Шчаслівыя міратворцы”.

З аэрапорта Папа накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац на сустрэчы з прэзідэнтам Жазэфам Аунам, спікерам парламента Набіхам Бэры і прэм’ер-міністрам Навафам Саламам. Пасля гэтага ён звернецца з прамовай да прадстаўнікоў улад, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу.

Чакаецца, што падчас свайго візіту ў Ліван Папа таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі рэлігійных супольнасцяў і моладзі, наведае шпіталь, манастыр святога Марона ў Анаі і санктуарыі Маці Божай Ліванскай у Харысе, памоліцца на месцы выбуху ў порце Бейрута і ўзначаліць Імшу на набярэжнай “Beirut Waterfront”.

30 лістапада 2025, 16:20