Святы Айцец абвясціў дату наступнага Сусветнага дня дзяцей
Аляксандр Панчанка – Vatican News
На заканчэнне аўдыенцыі Святому Айцу быў прадстаўлены флаг з афіцыйным лагатыпам дзіцячага форума. Гэта зрабіў сямігадовы хлопчык з Газы, якога суправаджаў айцец Энца Фартуната, адзін з кіраўнікоў арганізацыйнага камітэта Сусветнага дня дзяцей.
Увага да сем’яў
“Падчас бліжэйшага Сусветнага дня дзяцей Касцёл хоча зноў звярнуць асаблівую ўвагу на свет дзяцінства і натуральнае асяроддзе, у якім дзеці жывуць і растуць, – гэта значыць на сям’ю”, - заявіў кардынал Кевін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, у кампетэнцыі якой знаходзіцца падрыхтоўка форума.
Лагатып Сусветнага дня дзяцей
Ватыканскае ведамства паведаміла, што адпячаткі дзіцячых рук у цэнтры лагатыпа Сусветнага дня дзяцей нагадваюць пра простыя і шчырыя жэсты дзяцінства, з’яўляюцца знакам паўсюднасці і чыстасці самых малых. Розныя колеры паказваюць мноства культур, якія разам ствараюць гармонію, дзе прымаюцца і цэняцца адрозненні. Колькасць адпячаткаў – сем – сімвалізуе розныя кантыненты. Купал Базілікі Святога Пятра адсылае да месцазнаходжання сядзібы Сусветнага дня і выглядае як абдымкі, што прымаюць і ахоўваюць дзяцей з усяго свету, а крыж на яго вяршыні нагадвае пра муку і ўваскрасенне Езуса Хрыста.
Спадчына Папы Францішка
Сусветны дзень дзяцей устанавіў у Каталіцкім Касцёле Папа Францішак. Упершыню гэты форум прайшоў у маі 2024 года з удзелам каля 100 тысяч маладых пілігрымаў з больш чым ста краін свету. У той гістарычнай сустрэчы брала ўдзел і вялікая дэлегацыя дзяцей з Беларусі.
