Святы Айцец: Касцёлу патрэбныя семінарысты з чыстымі сэрцамі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец падкрэсліў, што час вучобы ў семінарыі дазваляе “прабываць з Панам, быць сфармаваным Ім, пазнаваць і любіць Яго, станавіцца падобным да Яго”.
Святарства нельга зводзіць да “пасвячэння”, як да нейкай знешняй мэты ці лёгкага вырашэння асабістых цяжкасцяў. “Гэта не ўцёкі ад таго, з чым чалавек не хоча сутыкнуцца, не сховішча ад эмацыйных, сямейных ці сацыяльных цяжкасцяў; не павышэнне ці прытулак, а поўны дар уласнага жыцця”, - напісаў Папа, адзначыўшы, што чалавек можа цалкам прынесці сябе ў дар толькі будучы свабодным.
Пантыфік заўважыў, што час вучобы ў семінарыі можа быць часам духоўнага распазнання і ператварэння, падчас якога Бог выпрабоўвае сэрца і ачышчае намеры.
“Касцёлу патрэбныя семінарысты з чыстымі сэрцамі, якія шукаюць Хрыста без крывадушнасці і не трапляюць у пастку эгаізму і пыхі”, - напісаў ён, падкрэсліваючы важнасць частай споведзі, паслухмянасці і даверу да семінарыйных настаяцеляў.
“Семінарыст, які вучыцца жыць у гэтай яснасці, становіцца сталым чалавекам, свабодным ад амбіцый і чалавечага разліку, свабодным дарыць сябе без аніякіх абмежаванняў”, - дадаў ён.
Пантыфік нагадаў, што чыстае сэрца фарміруецца ў малітве і асабістых адносінах з Езусам, дзе “мы вучымся распазнаваць Яго голас і дазваляць Яму весці нас”. “Час, прысвечаны малітве – гэта самая плённая інвестыцыя ў жыццё, бо сам Пан фарміруе нашы пачуцці, ачышчае нашы жаданні і ўмацоўвае наша пакліканне”, - напісаў Леў XIV.
“Хто не моліцца, той не ведае Настаўніка; а хто Яго не ведае, не можа Яго па-сапраўднаму любіць і станавіцца падобным да Яго. (…) Не можа гаварыць пра Бога той, хто мала з Ім размаўляе”, - дадаў Святы Айцец.
Папа пажадаў, каб семінарысты спалучалі з малітвай таксама і інтэлектуальную падрыхтоўку, бо пабожнасць без вучобы ператвараецца ў сентыментальнасць, а вучоба без малітвы становіцца бясплоднай. Толькі там, дзе “розум адкрываецца на аб’яўленую праўду, а сэрца палае малітвай”, фармацыя становіцца плённай, - запэўніў ён.
Леў XIV заклікаў семінарыстаў станавіцца сапраўднымі духоўнымі айцамі, здольнымі цвёрда і з любоўю весці сваіх духоўных дзяцей да Хрыста. Такія святары не жывуць для сябе, а для сваіх духоўных дзяцей: радуюцца, калі яны растуць, пакутуюць, калі губляюцца, чакаюць, калі адыходзяць, - напісаў Пантыфік, нагадваючы, што “не існуе ні айцоўства, ні святарства напалову”.
