Пошук

Святы Айцец: поўная радасць чалавека – у адзінстве з Богам

Сведчыць пра тое, што самая поўная радасць чалавека, асабліва хрысціяніна, заключаецца ў еднасці з Богам, заклікаў Леў XIV духоўных дачок святога Аўгустына.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

13 лістапада 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельніц асамблеі Федэрацыі аўгустынскіх жаночых кляштараў Італіі – структуры, асацыятыўны характар якой асабліва важны ў час, “калі ўвесь Касцёл імкнецца паглыбіць і развіваць сваё сінадальнае вымярэнне”.

Пантыфік падкрэсліў, што ісці разам на шляху наследавання Пана – “гэта каштоўнасць, уласцівая прыродзе Божага народа, і прарочае сведчанне любові, сёння асабліва неабходныя ў свеце, які ўсё менш гатовы да дыялогу і супольнасці”.

Сведчыць пра радасць еднасці з Богам

Гаворачы пра місію манаскіх супольнасцяў, Святы Айцец заклікаў законніц сведчыць пра радасць еднасці з Богам. “Поўная радасць чалавека, асабліва хрысціяніна, заключаецца ў еднасці з Панам, у той блізкасці з Нябесным Жаніхом, якому вы па пакліканні прысвячаеце ўсё жыццё”, - сказаў ён.

Леў XIV падкрэсліў, што радаснае жыццё літургіяй, малітвай, разважаннем над Божым словам і ўзаемнай дапамогай прынясе супакой і суцяшэнне законніцам, а для тых, хто пастукае ў дзверы кляштараў, стане пасланнем надзеі – больш выразным за тысячы слоў.

Даваць сведчанне ціхай і схаванай любові

Пантыфік заклікаў духоўных паслядоўніц святога Аўгустына даваць сведчанне ўзаемнай любові. “Без шуму, з увагай і пяшчотай стаўцеся адно да аднаго і будзьце прыкладам клопату пра ўсіх, дзе б таго ні патрабавалі патрэбы і абставіны”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што прыклад ціхай і схаванай любові будзе важным у кантэксце грамадства, засяроджанага на вонкавым, на пошуку відошчнасці і апладысментаў.

Адзінства і супрацоўніцтва паміж кляштарамі

Святы Айцец падкрэсліў каштоўнасць асацыятыўнага характару Федэрацыі, што адпавядае інструкцыі Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця “Cor orans” (2018). Гэты дакумент быў выдадзены для таго, каб “кляштары, якія падзяляюць адзін і той жа харызмат, не заставаліся ізаляванымі, але верна яго захоўвалі і, аказваючы братэрскую ўзаемную дапамогу, жылі неад’емнай каштоўнасцю адзінства”, - нагадаў Леў XIV.

Пантыфік заўважыў, што паглыбленне розных форм супрацоўніцтва і аб’яднання паміж кляштарамі часам патрабуе прыняцця цяжкіх рашэнняў і ахвяр, а таксама пераадолення спакусы “самадастатковасці”. У той жа час ён запэўніў, што гэтыя намаганні прынясуць добрыя плёны ў розных сферах, у прыватнасці – у сферы фармацыі.
 

13 лістапада 2025, 11:21