Папа: евангелізацыя патрабуе пастаяннага абнаўлення Касцёла

Быць прароцтвам міру для свету, - заклікаў Папа біскупаў Італіі, з якімі сустрэўся 20 лістапада 2025 года ў базіліцы Санта-Марыя-дэльі-Анджэлі ў Асізі з нагоды завяршэння іх 81-й Генеральнай асамблеі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Глядзець на Езуса – першае, да чаго пакліканы таксама і мы”, - сказаў Леў XIV італьянскім іерархам, нагадваючы, што ў “гэты час нам як ніколі трэба паставіць Езуса Хрыста ў цэнтр і, ідучы шляхам, указаным у “Evangelii gaudium”, дапамагаць людзям будаваць асабістыя адносіны з Ім, каб нанова адкрыць радасць Евангелля”. “У час вялікай фрагментацыі нам неабходна вярнуцца да фундамента нашай веры, да “kerygma”, - сцвердзіў на пачатку прамовы Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што позірк, скіраваны на аблічча Езуса, “робіць нас здольнымі глядзець у абліччы братоў”. “Гэта Яго любоў падштурхоўвае нас ісці да іх. І вера ў Яго, наш супакой, заклікае нас несці ўсім дар Яго супакою”, - дадаў Леў XIV.

Быць прароцтвамі міру для свету

Папа заўважыў, што “мы жывём у час, пазначаны падзеламі ў нацыянальных і міжнародных кантэкстах: часта распаўсюджваюцца пасланні і мова, насычаныя варожасцю і гвалтам; гонка за эфектыўнасцю пакідае ззаду самых слабых; усемагутнасць тэхналогій сціскае свабоду; адзінота знішчае надзею, а шматлікія праявы нявызначанасці накладаюць цяжар на будучыню”.

“Тым не менш, Божае слова і Дух зноў заклікаюць нас быць будаўнікамі сяброўства, братэрства, сапраўдных адносін у нашых супольнасцях, дзе без сораму і страху мы павінны слухаць і гарманізаваць супярэчнасці, развіваючы культуру сустрэчы і становячыся такім чынам прароцтвам міру для свету”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў італьянскіх біскупаў працягваць абвяшчаць пасланне збаўлення, будаваць мір, прасоўваць чалавечую годнасць, культуру дыялогу і хрысціянскае антрапалагічнае бачанне.

Евангелізацыя патрабуе пастаяннага абнаўлення Касцёла

Святы Айцец пажадаў, каб у духу сінадальнасці працягвалася рэфлексія аб аб’яднанні некаторых дыяцэзій, якія з’яўляюцца невялікімі і маюць недахоп рэсурсаў, а таксама заклікаў іерархаў прыслухоўвацца да запытаў, якія паходзяць ад Божага народу. У гэтым кантэксце Папа таксама адзначыў важнасць каардынацыі паміж Дыкастэрыяй па справах біскупаў і нунцыятурай для садзейнічання прыцягненню большай колькасці людзей да кансультацый адносна прызначэння новых біскупаў.

Леў XIV заўважыў, што евангелізацыя патрабуе ад Касцёла пастаяннага абнаўлення. У сувязі з гэтым ён пажадаў, каб паважалася кананічная норма, якая прадугледжвае завяршэнне служэння ардынарыя дыяцэзіі па дасягненні ім 75-гадовага ўзросту. Пантыфік адзначыў, што толькі для кардыналаў можа разглядацца магчымасць падаўжэння гэтага служэння яшчэ на два гады.

Прасоўваць цэласны гуманізм і бараніць слабых

Святы Айцец заахвоціў біскупаў працягваць прасоўваць цэласны гуманізм, абараняць чалавечае жыццё, прымаць удзел у публічных дыскусіях, каб пашыраць культуру павагі да закону і салідарнасці.

“Працягвайце быць побач з сем’ямі, з моладдзю, з пажылымі, з тымі, хто жыве ў адзіноце. Працягвайце клапаціцца пра бедных: хрысціянскія супольнасці, якія глыбока ўкараніліся на тэрыторыі, шматлікія душпастырскія работнікі і валанцёры, дыяцэзіяльныя і парафіяльныя “Caritas” ужо робяць вялікую працу ў гэтым кірунку, і я ўдзячны вам за гэта”, - сказаў Леў XIV.

Пантыфік заклікаў Касцёл у Італіі вучыць чалавечнаму выкарыстанню лічбавых тэхналогій, спрыяючы таму, каб інтэрнэт быў па-сапраўднаму прасторай свабоды, адказнасці і братэрства.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на важнасць прасоўвання культуры прафілактыкі злоўжыванняў. “Дзякую вам за ўсё, што ўжо зрабілі, і заахвочваю працягваць вашы намаганні на карысць абароны дзяцей і ўразлівых дарослых”, - дадаў Леў XIV, выказваючы пажаданне, каб Касцёл у Італіі быў знакам і сведчаннем Божага Валадарства ў свеце.
 

20 лістапада 2025, 11:59